Памочнік Прэзідэнта - інспектар па Магілёўскай вобласці Сяргей Налівайка і старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель у адкрытым дыялогу 16 студзеня паразмаўлялі з бабруйчанамі. Частка зваротаў закранула добраўпарадкаванне прыдамавых тэрыторый, жыллёва-камунальнай сферы.


З просьбай аб дапамозе звярнуліся ігракі бабруйскай каманды па настольным тэнісе для людзей з парушэннямі зроку. Спартсмены выказалі занепакоенасць адсутнасцю месца для заняткаў, спецыяльнага абсталявання і экіпіроўкі.

Інспектар па Магілёўскай вобласці запэўніў, што пытанне будзе вырашацца на ўзроўні аблвыканкама. Важна стварыць камфортныя ўмовы для людзей з абмежаванымі магчымасцямі і прыцягваць да заняткаў больш жадаючых праявіць сябе. Гэта не толькі дапаможа спартсменам, але і стане крокам да больш інклюзіўнага грамадства.

Пенсіянерка паскардзілася на суседа-дэбашыра, які перашкаджае спакойна жыць: мужчына злоўжывае спіртным і нідзе не працуе. Сяргей Налівайка і Ігар Кісель паабяцалі таксама бабруйчанцы разабрацца з яе зваротам.
Кожны жыхар Бабруйска хоча быць пачутым. На асабістых прыёмах усе пытанні гараджан аператыўна вырашаюцца ці бяруцца пад кантроль. Калі закон дазваляе аказаць дапамогу, яна абавязкова будзе дадзена.






Юлія Вернер, фота Аляксея Слабко
Па матэрыялах БЖ