З 10 па 30 ліпеня 20 мастакоў-керамістаў сустрэнуцца на XIX Міжнародным пленэры па кераміцы «Арт-Жыжаль» у Вербках пад Бабруйскам. Пра гэта паведаміў начальнік аддзела культуры гарвыканкама Вадзім Шчэрбіч на пасяджэнні гарвыканкама 18 красавіка.
Пленэр адбудзецца ў традыцыйным месцы - на базе адпачынку «Вербкі». Арганізуюць яго Бабруйскі гарвыканкам, Магілёўскі аблвыканкам і Саюз мастакоў Беларусі.

Удзельнікі пленэру прапануюць свае творчыя работы на разгляд экспертнай камісіі. Яны могуць бязвыплатна перадаць адну найбольш удалую работу ў фонд музея, а астатнія застануцца ўласнасцю аўтараў.
«Арт-Жыжаль» - падзея, якая з 2003 года стала нязменным пунктам у календары ўсіх аматараў і знаўцаў мастацтва. Удзельнікі пленэру будуць не толькі працаваць па сваіх індывідуальных планах, распрацоўваць уласныя напрамкі і эксперыментаваць, але і прымуць удзел у сумесных работах па падрыхтоўцы печаў і правядзенні штодзённых абпалаў.
Самая відовішчная частка пленэру - стварэнне «вогненнай скульптуры» вышынёй да двух метраў, якая будзе абпальвацца ў апошнія дні пленэру.
Выніковыя выставы пройдуць не толькі ў горадзе на Бярэзіне, але і ў Мінску, Магілёве.

Заснавальнік і нязменны кіраўнік пленэру - знакаміты мастак Валерый Калтыгін.