Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель заўсёды гатовы ўважліва выслухаць жыхароў, разабрацца ў любой сітуацыі і дапамагчы ў межах заканадаўства. Чарговы прыём грамадзян прайшоў у будынку адміністрацыі Ленінскага раёна 27 лістапада. Большасць пытанняў паступала ад заяўнікаў па сферы ЖКГ.
Бабруйчанка, якая пражывае на вуліцы Крылова, незадаволеная дзейнасцю размешчанага непадалёк прыватнага прадпрыемства. Паводле яе слоў, шум і пыл ад вытворчасці, дым і пах ад кацельні перашкаджаюць жыхарам бліжэйшых дамоў жыць спакойна. Жанчына выказала ўпэўненасць, што дзясяткі сем'яў-суседзяў пацвердзяць гэта. Ігар Кісель даручыў спецыялістам зрабіць маніторынг па замеры паветра ў гэтым раёне, а таксама найбліжэйшым часам запланаваў правесці сустрэчу з жыхарамі.
«Трэба паглядзець рэальную сітуацыю, паслухаць абодва бакі і знайсці «залатую сярэдзіну», каб прыняць узважанае рашэнне», - сказаў Ігар Мікалаевіч . «Я рада, што ўнікаеце ў наша пытанне і што Вам не ўсё роўна», - падзякавала бабруйчанка, якая звярнулася з праблемай.
У новабудоўлі на праспекце Будаўнікоў узніклі сур'ёзныя пытанні па падключэнні цепла- і электразабеспячэння. Дом здадзены, але жыхары яшчэ не засяліліся. Заяўніка непакоіць своечасовае і якаснае выкананне работ, якія зараз вядуцца ў шматпавярхоўцы. Старшыня гарвыканкама даў указанне адказным службам абследаваць дом і скласці графік работ па ўхіленні выяўленых дэфектаў і недахопаў.
На прыёме было яшчэ некалькі зваротаў наконт ацяплення ў дамах на вуліцы Коўзана. Жыхары расказвалі, што перыядычна ўзнікаюць цяжкасцi. Штогод пры запуску назіраюцца праблемы: часам ацяпленне знікае, батарэі не грэюць, таму даводзіцца дадаткова карыстацца абагравальнікамі. Ігар Кісель звярнуў увагу спецыялістаў ЖКГ на гэтыя дамы, каб прынялі дзейсныя меры, і ўзяў звароты на кантроль.
Жыхары дома 1961 года пабудовы на вуліцы Сацыялістычнай прыйшлі з просьбай аб капітальным рамонце. Камунікацыі, цепласеткі, балконы ў доме ўжо знаходзяцца ў нездавальняючым стане за столькі гадоў эксплуатацыі. У канструктыўным дыялогу з жыхарамі мэр растлумачыў магчымасці і варыянты вырашэння пытання. Ігар Кісель паабяцаў, што вясной камісія правядзе агляд гэтага жылога дома і па магчымасці яго ўключаць у план капітальнага рамонту на бліжэйшыя два гады.
Бабруйчане звярталіся па пытаннях паніжэння бардзюрнага каменя ля магазіна і абсталявання тратуарнай дарожкі, пашкоджання дзіцячай горкі, асвятлення ў двары.
Жыхары падчас прыёму атрымалі адказы і растлумачэнні. Ні адзін зварот не застаецца без увагі кіраўніка.
Маргарыта Бушуева
Фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ