Большасць пытанняў, з якімі звярнуліся бабруйчане 8 студзеня на прыём да старшыні Бабруйскага гарвыканкама Ігара Кісяля, датычылася жыллёва-камунальнай сферы. Каб дапамагчы разабрацца з праблемамі заяўнікаў, на прыёме прысутнічалі прадстаўнікі мясцовых служб.

На думку жыхаркі дома на вуліцы Савецкай, тэмпература гарачай вады ў яе кватэры не адпавядае сацыяльнаму стандарту. Калі спецыялісты робяць замеры прыборамі, тэмпература аказваецца ў норме. Ад іншых суседзяў не паступала скаргаў на недастаткова гарачую ваду з крана. Каб аб'ектыўна ацаніць сітуацыю, мэр даручыў правесці маніторынг і зрабіць дадатковыя замеры ў кватэрах гэтага дома. Пытанне павінна заставацца на кантролі ў старшыні СЖБК.
Са шматлікімі пытаннямі наконт абслугоўвання інтэрната на бульвары Маладзёжным на прыём звярнуўся адзін з жыхароў. Рамонт дамафона, усталёўка камер відэаназірання ў ліфтах і калідорах, работа пажарнай сігналізацыі, шкленне ў лесвічных праёмах, уборка… – па ўсіх пунктах заяўнік атрымаў тлумачэнні.
Напрыклад, вахцёры ў інтэрнаце - гэта дадатковая паслуга ЖКГ, за якую жыхары павінны будуць плаціць. Калі людзі гатовы аплочваць работу вахцёраў кожны месяц, то ЖРЭУ пойдзе насустрач і знойдзе работнікаў на гэтую пасаду. Некаторыя пытанні, з якімі звярнуўся бабруйчанін, патрабуюць дадатковай прапрацоўкі і фінансавых укладанняў. Ігар Мікалаевіч запланаваў у бліжэйшыя гады адшукаць сродкі на капітальны рамонт двух інтэрнатаў на бульвары Маладзёжным. Пакуль жа сёлета будуць заменены дзверы ўваходнай групы інтэрната, праведзены работы ў рамках бягучага рамонту. Мужчына ўпэўнены ў канструктыўным дыялогу: «Каб вырашыць нашы праблемы, будзем размаўляць з мясцовай уладай».

Жылы дом 1961 года пабудовы на вуліцы Сацыялістычнай патрабуе капітальнага рамонту. Жыхарам паведамілі, што па выніках агляду на 2026 год запланавана распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі, капрамонт - на 2027 год. Аднак людзі гавораць: камунікацыі знаходзяцца ў нездавальняючым стане, пастаянна падаюць заяўкі ў службу 115. Ігар Кісель даручыў спецыялістам ЖКГ аператыўна выехаць на месца і правесці камісійнае абследаванне дома з удзелам жыхароў.
Былі на прыёме таксама звароты па пытаннях перадачы капітальнага збудавання ва ўласнасць, праблемах з каналізацыяй у шматпавярховым доме, выдалення дрэва ў агароджы на гарадскіх могілках, устаноўкі камер відэаназірання на пад'ездзе і іншыя.
Любы хоча, каб яго праблема была вырашана. Таму старшыня гарвыканкама на асабістых прыёмах бярэ на кантроль вырашэнне пытання, унікае ў сітуацыю, разбіраецца. Калі па заканадаўстве можна дапамагчы, гэта абавязкова будзе зроблена.
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ