Архіў - абавязковы спадарожнік дзяржаўнасці любога народа. Архіўныя дакументы з'яўляюцца носьбітамі асноўных гістарычных фактаў. У снежні свой 80-гадовы юбілей адзначае Бабруйскі занальны архіў. Калі зазірнуць у святая святых установы, то можна ўбачыць скарбніцу дакументаў, якія тычацца гісторыі і развіцця нашага горада.
Урачыстае мерапрыемства з нагоды святкавання значнай даты прайшло ў Магілёўскім абласным тэатры драмы і камедыі імя В.І. Дуніна-Марцінкевіча. Павіншаваць супрацоўнікаў з юбілеем установы і пажадаць поспехаў у працы прыйшлі ганаровыя госці - начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Магілёўскага аблвыканкама Андрэй Сталяроў, старшыня Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў Ірына Рынейская, кіраўнік спраў Бабруйскага гарвыканкама Вадзім Кулікоў.

- Архіў - гэта дакументы, а з іншага боку - людзі, калектыў, які працуе з гэтымі дакументамі. Хочацца сказаць дзякуй за вашу працу, за ўклад, які вы ўносіце ў агульную справу – захаванне нацыянальнага архіўнага фонду, – павіншаваў Андрэй Сталяроў.

Бабруйскі занальны архіў пачаў сваю практычную дзейнасць у 1944 годзе і з'яўляецца адной са старэйшых архіўных устаноў у Рэспубліцы Беларусь. Яго работа накіравана на захаванне і выкарыстанне дакументальнай спадчыны нашай краіны.
- Унікальнасць установы ў тым, што тут захоўваюцца самыя вядомыя факты пра Бабруйск. Фактычна ўся гісторыя горада - на архіўных паліцах. Ад імя гарадскога Савета дэпутатаў віншую вас з юбілеем, дзякую за карпатлівую працу і жадаю прафесійных поспехаў у будучыні. Важна, што архіў становіцца месцам прыцягнення моладзі, а дакументальнае багацце не толькі захавана, але і перадаецца маладому пакаленню. Напярэдадні навагодніх свят зычу вам дабрабыту і дабра. Будзьце шчаслівыя і здаровыя! – сказала Ірына Рынейская.



На мерапрыемстве прысутнічаў і ваенна-патрыятычны клуб «Патрыёт» 83-га асобнага інжынерна-аэрадромнага ордэна Чырвонай Зоркі палка. Яго кіраўнік Таццяна Косінава разам з выхаванцамі павіншавала работнікаў архіва:

— Наша плённае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне дазваляе захоўваць гістарычную памяць і перадаваць яе будучым пакаленням. Мы ўвекавечваем успаміны ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і праводзім розныя іншыя мерапрыемствы на карысць нашай Радзімы. Прыміце шчырыя віншаванні з гэтым святам! Без мінулага няма будучыні. І зараз як ніколі важна не страціць праўду.

За ўзорнае выкананне службовых абавязкаў, добрасумленную працу, высокі прафесійны ўзровень і ў сувязі з юбілеем лепшыя супрацоўнікі ўзнагароджаны ганаровымі граматамі і падзякамі.
Дырэктар Бабруйскага занальнага архіва Алена Заяц была ўзнагароджана ганаровай граматай Бабруйскай гарадской арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў.
- Сёння архіву 80 гадоў. І наш працоўны стаж сведчыць пра многае. Шырокае выкарыстанне архіўных матэрыялаў - адна з найважнейшых задач у галіне ў мэтах недапушчэння скажэння гістарычнай памяці. Захоўваючы мінулае, мы ствараем будучыню, - падкрэсліла Алена Дзмітрыеўна.





Людміла Любімцава, Віктар Чабан
Фота Аляксея Слабко
Па матэрыялах БЖ