Штогод у другую нядзелю верасня ў Беларусі адзначаецца Дзень танкіста. Гэта свята было ўстаноўлена ў ліпені 1946 года ў азнаменаванне выдатных заслуг бранятанкавых і механізаваных войскаў у Вялікай Айчыннай вайне, самаадданай працы танкабудаўнікоў па аснашчэнні ўзброеных сіл бранятанкавай тэхнікай.
У Бабруйску 6 верасня ў былой воінскай часці ў Кісялевічах сабраліся ветэраны Узброеных Сіл краіны і жыхары мікрараёна.
Да мемарыяла воінам-дняпроўцам усклалі вянкі і кветкі, а на плошчы каля танка адбыўся ўрачысты мітынг. Перад яго ўдзельнікамі выступілі першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Сяргей Лоцкі, генерал-лейтэнант у адстаўцы, у мінулым камандуючы 5-й гвардзейскай танкавай арміяй Станіслаў Румянцаў, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандр Вінаградаў, настаяцель Іверскага храма протаіерэй Сергій Каравінскі.
На працягу ўсяго свята працавалі гульнявыя і тэматычныя пляцоўкі, арганізаваныя Цэнтрам дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт», установай аховы здароўя, Дэпартаментам аховы. Адбыліся майстар-класы і конкурс малюнкаў на асфальце, можна было пагуляць у шашкі, пакатацца на конях. А яшчэ гасцей свята накармілі смачнай салдацкай кашай.
Са святам, ветэраны! Са святам, танкісты!
По материалам БЖ