Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель правёў асабісты прыём грамадзян 11 снежня. Паляпшэнне жыллёвых умоў, будаўніцтва сеткі каналізацыі, пытанні землеўпарадкавання, прыватызацыя жылля… - кіраўніку неабходна ўнікаць у нюансы розных сітуацый, якія хвалююць жыхароў горада.
Бабруйчанін звярнуўся наконт выдзялення жылога памяшкання. Ён расказаў, што стаіць на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў як сірата, але ўзніклі сумненні па нумарацыі ў чарзе. На прыёме малады чалавек атрымаў тлумачэнні ад спецыялістаў.
Жыхароў вуліцы Жукоўскага цікавіла інфармацыя па вырабленай перадпраектнай дакументацыі па будаўніцтве сеткі каналізацыі. Два звароты датычыліся землеўпарадкавання. Заяўніца выказала нязгоду з рашэннем гарвыканкама па адабранні зямельнага ўчастка і зносе жылога дома.
Іншая бабруйчанка прыйшла з праблемай устанаўлення межаў зямельнага ўчастка з сумежным. Яшчэ адна гараджанка хацела разабрацца ў пытанні прыватызацыі.
Прыходзяць на прыём да мэра з рознымі праблемамі ў надзеі знайсці дапамогу і падтрымку. Па кожным звароце грамадзяне атрымалі тлумачэнні. Асобныя пытанні ўзяты на кантроль. Спецыялістам гарадскіх службаў Ігар Кісель даручыў прыняць неабходныя меры для іх вырашэння. Важна сумленна размаўляць з людзьмі і тлумачыць, што па заканадаўстве магчыма зрабіць адразу, а што патрабуе дадатковага вывучэння ці фінансавых сродкаў і будзе вырашана ў перспектыве.
Фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах «БЖ»