Старшыня Бабруйскага гарвыканкама 26 мая правёў маніторынг горада. Дажджлівае надвор'е - не перашкода працоўнаму працэсу. Максім Гурын праехаў па вуліцах і дварах Бабруйска, каб убачыць работы па добраўпарадкаванні, санітарны стан.

Пачаўся маршрут з Першамайскага раёна. На Ракасоўскага, 72, дзе зараз узводзіцца новая дзіцячая пляцоўка, мэр горада сустрэўся з прадстаўнікамі жыллёва-камунальнай сферы. У размове закранулі моманты будаўніцтва і гатоўнасці гульнявога комплексу.

Далей у фокусе ўвагі - масты і пуцеправоды. Максім Гурын паразмаўляў з кіраўнікамі арганізацый, адказных за рамонт і рэканструкцыю, выслухаў прапановы па пуцеправодзе на Крылова. Хутка тут пачнуцца рамонтныя работы.

Наступная кропка ў маршруце - мост па завулку Пераязнога, праз які праходзіць дарога да станцыі «Бярэзіна». Аварыйныя канструкцыі часткова зачынены і патрабуюць рамонту. У бліжэйшы час пытанне будзе вырашацца. Як падкрэсліў Максім Мікалаевіч: «Сумесна са службамі прымем усе рашэнні, каб было зручна гараджанам, і каб гарантаваць бяспеку аўтааматараў і гэтых канструкцый»

Старшыня гарвыканкама ў рамках навядзення парадку на зямлі паглядзеў дваровыя тэрыторыі і стан кантэйнерных пляцовак, звярнуў увагу на вываз буйнагабарытнага смецця і бытавых адходаў, пакос травы.

- Перакананы, што жыхарам і гасцям горада прыемна, калі дваровыя і прылеглыя тэрыторыі ў належным стане. Для мяне сёння было важна паглядзець на санітарны стан, шматкватэрны жылы фонд. Будзем гэта рабіць штодзень, прыцягваць нашы камунальныя прадпрыемствы. Ёсць шэраг пытанняў, якія мяне хвалююць. Упэўнены, агульнымі намаганнямі мы дасягнем мэт на карысць гараджан, будзем падтрымліваць чысціню і парадак у горадзе. Сёння паглядзелі гатоўнасць дзіцячай пляцоўкі, якую адкрыем у найбліжэйшыя дні і падорым насельніцтву мікразоны, нашай дзятве чарговы аб'ект добраўпарадкавання. У такім ключы працягнем работу і будзем маніторыць сітуацыю ў горадзе. Інфармацыя бабруйчан для нас таксама важная. Калі ёсць крытычныя кропкі - будзем аператыўна ўстараняць, - адзначыў Максім Гурын.

У Бабруйску функцыянуе чат-бот для зваротнай сувязі. Гараджане могуць атрымаць растлумачэнне або вырашэнне праблемнага пытання ад профільнага ведамства ў рамках дзеючага заканадаўства.

Акрамя таго, усе жадаючыя могуць унесці канструктыўныя прапановы, якія датычацца гарадскога або рэгіянальнага развіцця.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by
 

Поделиться