Адна з самых трагічных старонак гісторыі - блакада Ленінграда - працягвалася з 8 верасня 1941 года па 27 студзеня 1944-га. Нягледзячы на ўсе нягоды і пазбаўленні, ворагам не атрымалася зламаць дух абложанага горада і людзей.
Бабруйчане Валянціна Галубовіч, Галіна Дамышлінец, Леанід Котаў і Галіна Сцякольнікава ў 1941 годзе былі дзецьмі, якія бачылі і перажылі страшныя выпрабаванні, голад і холад, бамбардзіроўкі, абстрэлы і паветраныя трывогі, страту блізкіх. Іх жыццё пасля вайны склалася па-рознаму, але гэтыя людзі і іх успаміны - напамін усім пра стойкасць, мужнасць, сілу духу.
Галіне Сцякольнікавай было каля трох гадоў, але яна добра памятае бамбёжкі, пастаянны страх, адчуванне голаду і холаду. «Калі па радыё аб'яўлялі паветраную трывогу, мы з мамай беглі ў падвал. Калі мама хадзіла пайку атрымліваць або па справах, я заставалася адна, з нечым гуляла, – успамінае Галіна Аляксандраўна. - Холад быў страшны і голад. Гады праз паўтара я ўжо не магла хадзіць, толькі поўзала. І тады маму прасіла: «Давай не пойдзем хавацца ў бамбасховішчы, давай на сваім ложачку паміраць». На карткі атрымлівалі маленькі-маленькі кавалачак хлеба. Адшчыквалі па крошачцы і трымалі ў роце, пакуль растане, каб праглынуць. Мама старалася дастаць ежу, але ў тыя гады нават лебяды ўжо не заставалася ў горадзе. Выжылі. Страх бамбёжкі, страх вайны застаўся амаль на ўсё жыццё. Калі ў 1947 годзе прыехалі ў Бабруйск, жылі ў бараку недалёка ад аэрадрома. І як толькі ўзляталі самалёты, не ведаеш, куды хавацца… Ужо пасталеўшы, настроіла сябе, што ўсё добра, бомбы не ляцяць, ніхто не страляе».

Калі пачалася блакада Ленінграда, Галіне Аляксандраўне Дамышлінец быў усяго год. Бацька пайшоў на фронт і прапаў без вестак у 1942 годзе, тады ж памерла і маці. Маленькую Галю адправілі ў дом малюткі, а ў канцы 1943-га вывезлі ў дзіцячы дом у Ніжні Тагіл.

«Мяне ўдачарыла сям'я, якую называла другімі бацькамі, - кажа ветэран. - Я жыла ў Маскве, і далей лёс шчаслівы быў. Муж вайсковец, служыў у Беларусі, засталіся тут жыць. Маладому пакаленню, вядома, трэба расказваць пра тыя цяжкія гады, што перажылі нашы людзі. І ўсім трэба імкнуцца да міру і згоды».
Валянціне Галубовіч ішоў 6-ы год, калі пачалася вайна. Маці працавала на заводзе, дзе рамантавалі тэхніку, якая паступала з фронта. Для дзяцей гэта быў страшны час: яны чулі выбухі снарадаў, бачылі падпаленыя дамы, адчувалі голад і холад.

«Старэйшы брат памёр ад голаду. Я памятаю, як мы везлі яго на санках на могілкі, - успамінае Валянціна Пятроўна. - Затым ад голаду памёр малодшы брат. Кожны дзень прыязджала машына і везла трупы на могілкі. Суседка мяне крыху падкормлівала, ды і мама абменьвала на ежу ўсё, што было ў хаце. Выжывалі як маглі. Людзі па вясне садзілі ў агародах насенне. Аднойчы мама прынесла з завода катлетку, з якой нарабілі шмат катлет з лебядой. Для мяне гэта было сапраўднае свята. А 1 ліпеня 1942 года сталі вывозіць усё каштоўнае з завода, перапраўлялі і працоўных з сем'ямі праз Ладагу. Нас з мамай таксама пасадзілі ў шлюпку і ўначы пад бамбёжкай пераправілі на Вялікую зямлю. Прывезлі на станцыю, а адтуль у Алтайскі край. Па дарозе памірала шмат знясіленых людзей».
У Леаніда Аляксандравіча Котава ўражанні дзяцінства звязаны з блакадай. У часы Вялікай Айчыннай ён быў дзіцём блакаднага Ленінграда. 872 дні дзеці былі наўмысна заблакіраваны нямецкімі і фінскімі войскамі ў горадзе і вымушаны жыць разам з дарослымі ў прасторы, абмежаванай нечалавечымі ўмовамі: голадам, холадам і пастаяннай пагрозай жыцця ад бамбардзіровак і абстрэлаў. Разам з іншымі жыхарамі абложанага горада Леанід Аляксандравіч знайшоў у сабе сілы і мужнасць, каб выстаяць. Выпрабаванні толькі загартавалі хлапечы характар. Паводле яго гісторый, сам ён нарадзіўся ў Кранштаце (Расія) 9 студзеня 1932 года. Там вайну і застаў. «Мне тады было ўсяго 9 год. А далей працаваў кіроўцам у Ленінградзе. Ёсць 3 унукі і 3 унучкі», – падзяліўся ён. У горадзе на Бярэзіне Леанід Аляксандравіч Котаў пражывае з 1964 года. У міры і згодзе з жонкай Ксеніяй Іванаўнай яны выхавалі чацвярых дзяцей. Сёння іх галоўнай радасцю і любоўю з'яўляюцца ўнукі.


У мінулым годзе ветэранам уручылі ганаровыя знакі «У гонар 80-годдзя поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады». Гэту спецыяльную ўзнагароду заснавалі па даручэнні Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі і адчаканілі на Пецярбургскім манетным двары. У Бабруйск гэтыя ўзнагароды прыбылі па ініцыятыве гарвыканкама і пры садзейнічанні бабруйскіх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
