Калі ў навагоднім шэсці па горадзе пройдуць казачныя персанажы і запаляць агні на галоўнай ёлцы, дзе будзе прымаць дзетак Дзед Мароз, дзе бабруйчане могуць весела сустрэць навагоднюю ноч - правядзенне навагодніх і калядных святочных мерапрыемстваў абмеркавалі на пасяджэнні гарвыканкама 6 снежня. Будучую праграму прадставіў начальнік аддзела культуры Вадзім Шчэрбіч.

Для бабруйчан святочныя мерапрыемствы пачнуцца ўжо 16 снежня , калі любімыя навагоднія героі - Дзед Мароз і Снягурка - узначаляць тэатралізаванае касцюміраванае шэсце казачных персанажаў ад прадпрыемстваў і арганізацый горада «Насустрач навагоднім цудам». Ад вуліцы Сацыялістычнай шумная і прыбраная кампанія адправіцца да ёлкі на плошчы Леніна. Кульмінацыяй шэсця стануць цырымонія запальвання агнёў на зялёнай прыгажуні, якая зайграе новымі каляровымі адценнямі, і канцэрт творчых калектываў горада. 

З сярэдзіны снежня стартуюць дабрачынныя навагоднія праекты і акцыі для дзяцей, святы ля ёлкі ў рамках навагодняй дабрачыннай акцыі «Нашы дзеці» з удзелам старшыні гарвыканкама і кіраўнікоў адміністрацый.

Навагодні баль для таленавітай і паспяховай моладзі Бабруйска запланаваны на 20 снежня

Падчас зімовых свят бабруйчан запрашаюць на плошчу Леніна на дзённыя і вячэрнія мерапрыемствы. На навагодняй сцэне Бабруйска будуць праводзіцца ігравыя і забаўляльныя праграмы, канцэртныя і тэатралізаваныя паказы, дыскатэкі. 

Дзецям і іх бацькам пакажуць музычныя казкі: у тэатры – «Шчаўкунок», у Палацы мастацтваў – «Дзе наша Аліса?», у «Бабруйск-Арэне» - «Снежная каралева». У дні зімовых канікулаў правядуць святочныя масавыя катанні на каньках. У парку адкрыецца рэзідэнцыя бабруйскага Дзеда Мароза, прапануюць прыняць удзел у інтэрактыўнай экскурсіі і прыгодах Машы і Мядзведзя. Да навагодніх і калядных свят рыхтуюцца выставы, кірмашы, актыўнасці.

Навагодняя ноч абяцае быць насычанай музыкай, песнямі, танцамі і весялосцю. Для сямейнага адпачынку на плошчы ля галоўнай ёлкі рыхтуюць музычна-забаўляльную праграму. У ноч з 31 снежня на 1 студзеня пройдуць навагоднія дыскатэкі і для жыхароў мікрараёнаў.

Ужо зараз наш горад па вечарах упрыгожваецца інсталяцыямі і зіхаціць рознакаляровымі гірляндамі, ствараючы пераднавагодні настрой. А каб святочныя мерапрыемствы прайшлі на ўсе 100, гарадскія службы адказна рыхтуюцца да стварэння ўмоў адпачынку для бабруйчан і гасцей.

Забеспячэнне пажарнай бяспекі, медыцынскага абслугоўвання, грамадскага парадку, арганізацыя санітарнай ачысткі, работа транспарта і гандлёвага абслугоўвання… - усё гэта прадумваецца да дробязяў, каб гараджане спакойна і радасна правялі зімовыя святочныя дні.

Маргарыта Бушуева
Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться