23 лютага - дата, якая нагадвае аб захаванні і прымнажэнні традыцый міру і згоды на нашай зямлі. Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь - свята пераемнасці і яднання пакаленняў, мужнасці, гонару, патрыятызму. У гэты дзень мы аддаём даніну памяці і павагі воінам-пераможцам, віншуем моцных духам мужчын, якія сёння стаяць на варце мірнага неба і спакойнага жыцця на роднай зямлі.

У Бабруйску 23 лютага на вуліцы Мінскай адбылося ўскладанне вянкоў і кветак да брацкай магілы воінаў Савецкай Арміі, якія загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны пры вызваленні нашага горада. Мемарыяльны комплекс увекавечвае подзвіг 958 воінаў. У цырымоніі ўдзельнічалі прадстаўнікі гарадской улады, дэпутацкага корпуса, гарадскога Савета ветэранаў, працоўных калектываў і грамадскасці, ваеннаслужачыя. Пад гукі ваеннага аркестра ўрачыстым маршам прайшлі ваеннаслужачыя Бабруйскага гарнізона.

- 23 лютага - свята для ўсіх мужчын, якія могуць стаяць на абароне нашай Айчыны. Гэта пераемнасць пакаленняў ад воінаў, якія баранілі нашу краіну ў гады Вялікай Айчыннай вайны, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак. Цяпер сучаснае войска стаіць на абароне Радзімы, старанна і інтэнсіўна рыхтуецца да выканання любых задач, у любых умовах. У мірны час мы нясём баявое дзяжурства, каб ні ў кога не ўзнікала сумненняў у гатоўнасці нашых Узброеных Сіл да абароны нашай Беларусі. Хацелася павіншаваць жыхароў Бабруйска, ваеннаслужачых Бабруйскага гарнізона са святам і пажадаць усіх даброт, міру, паразумення! - павіншаваў абаронцаў Айчыны намеснік камандзіра 147-га зенітнага ракетнага палка па ідэалагічнай рабоце падпалкоўнік Андрэй Краснагір.

Аляксандр Анташкевіч, bobrlife.by

Поделиться