Дэлегацыя з Узбекістана прыбыла ў Бабруйск. Гасцей цёпла сустрэлі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Ірына Рынейская і першы намеснік старшыні гарвыканкама Ігар Урбановіч. Бакі абмеркавалі ўзаемавыгадныя напрамкі для плённага двухбаковага супрацоўніцтва.

Госці з Узбекістана адзначылі, што Бабруйск цікавы сваім прамысловым патэнцыялам. Асноўнымі пунктамі супрацоўніцтва сталі машынабудаванне, аграпрамысловы комплекс, эканоміка, вобласць высокіх тэхналогій. Асаблівую ўвагу госці ўдзялілі айчыннай мэблі, тэкстылю і мясамалочнай прадукцыі.

- У Бабруйску мы ўпершыню, але ўжо некалькі гадоў цесна працуем з беларускімі кампаніямі. Наша мэта - развіваць двухбаковыя эканамічныя адносіны, ствараць сумесныя прадпрыемствы, закупляць вашы якасныя тавары і, вядома ж, прапаноўваць свае. Упэўнены, наша супрацоўніцтва будзе вельмі плённым, - адзначыў Акмал Пулатаў, саветнік хакіма (губернатара) Ферганскай вобласці па развіццю мясцовай прамысловасці.

Маштабная экскурсія па прадпрыемствах горада стартавала з Бабруйскага завода трактарных дэталяў і агрэгатаў. Членам дэлегацыі прадэманстравалі ўчастак новых тэхналогій і цэх зборкі трактарнай тэхнікі. Гасцей зацікавілі тэхніка і камплектуючыя, якія вырабляе прадпрыемства.

- Мы ведаем ваш завод, ёсць пастаўкі, камерцыйныя прапановы. Сёння ўбачыў, як вырабляецца тэхніка, мне вельмі спадабалася, зусім іншыя ўражанні, калі бачыш гэта ў жыцці. Абавязкова пакажам нашым фермерам, як прадпрыемства вырабляе прадукцыю, раскажам аб магутнасцях, - падзяліўся ўражаннямі ад наведвання БЗТДіА Гафур Матхалікаў, дырэктар Ферганскага філіяла АТ «Узагралізінг».

Наступным пунктам на карце маршруту стаў фірменны магазін ЗАТ «Бабруйскмэбля». Там гасцям расказалі і паказалі прадукцыю, якую вырабляе гарадская фабрыка. Пахваліцца ёсць чым - прадпрыемства вырабляе мэблю з па-экалагічнаму чыстых, натуральных матэрыялаў: масіва каштоўных парод драўніны, сасны, натуральнага шпону.

- У вашай мэблі вельмі добрая якасць, і людзі ва Узбекістане ведаюць, што беларуская мэбля каціруецца. Прыехалі пераняць у вас вопыт, у планах, вядома ж, адкрыць сумеснае прадпрыемства. Нам усё вельмі спадабалася, - падкрэсліў Раўшанжон Абдуназараў, менеджэр па гандлёвых пытаннях ТАА «TO PRODUCE AND SELL CONSTRUCTION MATERIALS».

Госці наведалі таксама ЗАТ «Легпрамразвіццё», дзе азнаёміліся з цэхамі раскройным, швейным, абутковым і пластмасавых вырабаў, вытворчасцю прэс-форм і шоурумам, з прадстаўленай прадукцыяй - ад спецадзення да шматфункцыянальных аксесуараў для дома. Не абышлі ўвагай цэх, які адкрыўся летась з імпартазамяшчальнай прадукцыяй для стаматалагічных паслуг - слінаадсмоктваннем. Вырабы на 30% таннейшыя за італьянскія аналагі і на 7-10% – расійскія.

Апошнім, але не менш значным прадпрыемствам у экскурсіі стаў «ФанДАК». Гасцям прадэманстравалі фанерны цэх, які, дарэчы, за суткі перапрацоўвае 10 вагонаў лесу. Наведалі і мэблевы цэх - дэлегацыя ўбачыла працэс і пераканалася ў якасці прадукцыі.

- Такія сустрэчы - у першую чаргу стварэнне перадумоў для эканамічнага супрацоўніцтва, для магчымай кааперацыі. Гэта пошук кропак супрацоўніцтва, якія ў далейшым дадуць нашым краінам эканамічны рост, - адзначыў Віталь Ігнатовіч, намеснік кіраўніка адміністрацыі СЭЗ «Магілёў».

Завяршылася сустрэча круглым сталом перагавораў з прадстаўнікамі бізнес-супольнасці Бабруйска. Акрамя таго, для гасцей арганізавалі выставу прадукцыі прадпрыемстваў і дэгустацыю. Свае распрацоўкі прадставілі «Бабруйскаграмаш», «Беларусьгуматэхніка», «Чырвоны харчавік», «Бабруйскі завод раслінных алеяў» і іншыя вытворчасці.

Юлія Вернер, фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться