У Бабруйску сустрэчу са школьнікамі старэйшых класаў на базе сярэдняй школы №31 правёў старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук, прафесар Ігар Марзалюк. Размова ішла пра інстытут прэзідэнцтва, беларускую дзяржаўнасць і этапы станаўлення краіны.

Пачаўшы знаёмства са сваёй кароткай біяграфіі, Ігар Аляксандравіч звярнуўся да сур'ёзных пытанняў пра ролю асобы ў кіраванні і развіцці дзяржавы. Гістарычны экскурс у падзеі мінулых дзён перайшоў у сучаснае бачанне шляху суверэннай Беларусі.

- Многія блытаюць два паняцці - незалежнасць і суверэнітэт. Незалежнасць - гэта фармальнае прызнанне дзяржавы іншымі дзяржавамі. Суверэннасць, суверэнітэт - гэта рэальная здольнасць дзяржаўнай улады краіны рэалізоўваць свае праекты на сваёй тэрыторыі дзеля павышэння ўзроўню жыцця, дабрабыту сваіх грамадзян, сваёй нацыі, - растлумачыў Ігар Марзалюк. - Таму, калі мы гаворым пра інстытут дзяржавы, гэта важнейшы рэгулятарны механізм, важнейшы інстытут, які садзейнічаў станаўленню Беларусі як сапраўднай суверэннай дзяржавы з высокім, дастойным узроўнем жыцця і тым, чаго мы сёння дасягнулі.

Спікер лічыць галоўным крытэрыем кіраўніка не слова, а справу: ураўнаважванне інтарэсаў розных сацыяльных груп, рэалізацыя прадуманых пакрокава праектаў, якія будуць садзейнічаць павышэнню ўзроўню дабрабыту нашых грамадзян, развіццю эканомікі краіны, умацаванню нацыянальнай бяспекі.

На актыўным этапе электаральнай кампаніі Ігар Марзалюк ужо прыняў удзел у датэрміновым галасаванні: «Аддаў голас за стабільнасць, мір, развіццё Беларусі».


Навучэнцы падзяліліся думкамі пра сустрэчу і важнасць удзелу грамадзян у маючых адбыцца выбарах Прэзідэнта.
Ганна Белаглазава:
- У кожнай краіне ёсць свае важныя этапы, крокі і падзеі. Гэта мы ведаем з урокаў гісторыі і грамадазнаўства, пра гэта гаварылі і сёння на сустрэчы. У нашай краіне ў дадзены момант таксама адбываецца важная грамадска-палітычная падзея. Я лічу, што кожнаму грамадзяніну трэба прымаць удзел у выбарах. Бо ад выбару маіх бацькоў і ўсіх беларусаў залежыць, як будзе развівацца наша рэспубліка.
Мікалай Гарбылёў:
- Сустрэча спадабалася, было вельмі пазнавальна. Выступоўца добра вёў размову з аўдыторыяй, сказана ўсё па сутнасці. Наша краіна прайшла даволі няпросты шлях, пачынаючы ад станаўлення беларускай дзяржаўнасці. Паступова, праз дзесяцігоддзі мы пабудавалі моцную дзяржаву. І зараз вырашаецца лёс далейшага развіцця Беларусі. Ад правільнага выбару залежаць наша будучыня і тое, як мы будзем жыць заўтра.
Ксенія Марозава:
- Гутарка з Ігарам Аляксандравічам прайшла вельмі пазітыўна і пазнавальна, прагучала шмат гістарычных фактаў. Я думаю, кожны грамадзянін дзяржавы павінен удзельнічаць у палітычным жыцці краіны. Пакуль выбар для будучыні Беларусі робяць мае бацькі і старэйшае пакаленне. Але хутка я таксама абавязкова буду ўдзельнічаць у галасаванні і выбіраць найлепшае для развіцця сваёй краіны.
Маргарыта Бушуева, фота Дзмітрыя Шаўцова
Па матэрыялах БЖ