Напярэдадні 23 лютага ў дзіцячым садку №4 прайшла «Зарніца» для самых маленькіх. Спартыўна-патрыятычнае мерапрыемства для малышоў арганізавалі вучні ваенна-патрыятычнага класа 27-й школы. Дзве каманды - «Страла» і «Зорка» - з азартам змагаліся за званне чэмпіёнаў.
Няпростыя, але цікавыя загадкі, паласа перашкод, квэст, практыкаванні на спрыт і хуткасць ператварылі спаборніцтвы ў сапраўдную баявую падрыхтоўку. Без прызоў не застаўся ніхто - салодкія падарункі дасталіся кожнаму ўдзельніку спаборніцтва.

- Наша ўстанова адукацыі на працягу многіх гадоў супрацоўнічае ў рамках пераемнасці з 27-й школай. Штогод у нас праходзяць мерапрыемствы з удзелам класаў ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Гэта выклікае ў рабят жывую цікавасць да прафесіі ваеннага, садзейнічае фарміраванню грамадзянскай пазіцыі і патрыятычных пачуццяў да мінулага, сучаснасці і будучыні роднага краю, гонару за сваю малую радзіму, - адзначыла Ірына Мальцава, загадчык дзіцячага сада.
















Падтрымаць юных патрыётаў прыйшлі бацькі. Пасля гульні рабяты правялі сапраўдны канцэрт - спявалі, чыталі вершы, танчылі. Ганаровым госцем свята стаў Міхаіл Цімафеевіч Волчак. Ветэран з задавальненнем паразмаўляў з падрастаючым пакаленнем. У ваенныя гады Міхаіл Цімафеевіч быў сувязным, разведчыкам партызанскага атрада, узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалём «За Перамогу над Германіяй» і іншымі ўзнагародамі. Пасля вайны працаваў у Бабруйску ў аўтатэхнікуме, потым у дзіцячай музычнай школе педагогам па класе баяна. І да гэтага часу выдатна іграе на гэтым музычным інструменце. Як кажа Міхаіл Цімафеевіч: «Музыка і песні лечаць душу». Пад умелы акампанемент госці і выхаванцы з задавальненнем выканалі знакамітую «Кацюшу».
Грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне сёння - адно з найважнейшых звёнаў сістэмы выхаваўчай работы, якое грунтуецца на перадачы дзіцяці гістарычнага і сацыяльнага вопыту беларускага народа, фарміраванні паважлівых адносін да гераічнага мінулага краіны, памяці загінуўшых воінаў.




















Юлія Вернер, фота Віктара Шэйкіна