19 мая ў рамках Адзінага дня інфармавання намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Уладзімір Кніга паразмаўляў з працоўным калектывам лесатэхнічнага каледжа. У адкрытым дыялогу абмеркавалі важную тэму - «Здаровая нацыя як аснова развіцця Беларусі». На сустрэчы таксама прысутнічалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Вераніка Вільчык і галоўны ўрач 3-й гарадской паліклінікі Наталля Кізімава.

Уладзімір Валянцінавіч падкрэсліў, што на ўласным прыкладзе неабходна прывіваць моладзі здаровыя звычкі і адзначыў важнасць дыспансерызацыі. З мінулага года ў краіне для праходжання медыцынскага абследавання вызначаны тэрміны - ад аднаго да двух дзён у залежнасці ад узроставай групы. У Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь замацавана права работнікаў пры праходжанні дыспансерызацыі на вызваленне ад працы з захаваннем сярэдняга заробку.

Наталля Уладзіміраўна прывяла некалькі статыстычных звестак. Рэгулярна займаюцца спортам 30 працэнтаў беларусаў. Большасць з гэтага ліку - жанчыны. Галоўны ўрач 3-й гарадской паліклінікі заклікала прысутных да вядзення здаровага ладу жыцця - правільна харчавацца, выключыць шкодныя звычкі, павялічыць фізічную актыўнасць. «Лягчэй прадухіліць, чым лячыць», - адзначыла доктар.

Сёння ў Бабруйску працуюць 859 урачоў і каля 2,5 тысячы работнікаў сярэдняга медыцынскага звяна. Горад на Бярэзіне аснашчаны ўсім неабходным медыцынскім абсталяваннем для аказання якаснай дапамогі пацыентам. Акрамя новага хірургічнага корпуса бальніцы ХМД імя У.В. Марзона, які будуецца, у горадзе на Бярэзіне рыхтуюцца да будаўніцтва і новыя аб'екты. Напрыклад, да шостай паліклінікі плануецца прыбудова, якая стане 4-й дзіцячай паліклінікай (зараз яна размешчана ў будынку аднаго з інтэрнатаў на вуліцы 50-годдзя УЛКСМ).
