Рабочы візіт міністра ЖКГ Генадзя Трубілы ў горад на Бярэзіне адбыўся 12 снежня. Аб'ект, запуск якога чакаецца ў хуткім часе, уражвае маштабам. Ён важны не толькі для Бабруйска і раёна, але і для ўсёй Магілёўскай вобласці.

Да гэтага ў вобласці дзейнічалі адзін смеццеперапрацоўчы завод у Магілёве і дзесяць ліній па сартаванні адходаў. Канешне, гэтага недастаткова. Бытавыя адходы прыкладна на трэць складаюцца са шкла, паперы, пластыка і старой бытавой тэхнікі, з якіх можна атрымліваць добрую сыравіну. Эфектыўная перапрацоўка смецця - стратэгічны напрамак для эканомікі, таму ў вобласці і вырашылі мадэрнізаваць сістэму абыходжання з адходамі.

Смеццеперапрацоўчы завод - гэта аптымальны спосаб даць другое жыццё бытавому смеццю, каб не адпраўляць на пахаванне яго на палігонах з-за адсутнасці патрэбных магутнасцяў і тэхналогій. Акрамя таго, ён забяспечыць больш за 140 працоўных месцаў, будзе акумуляваць цвёрдыя камунальныя адходы з пяці раёнаў: Бабруйскага, Асіповіцкага, Глускага, Кіраўскага і Клічаўскага.

- Мэта майго візіту - паглядзець ход будаўніцтва, дакладней, ход завяршэння будаўніцтва завода. Хачу сказаць, што Бабруйскі смеццеперапрацоўчы завод гатовы на 96%. Ужо ідзе наладка абсталявання, - падзяліўся ўражаннямі Генадзь Аляксеевіч. - Я таксама паглядзеў умовы, у якіх будуць знаходзіцца і працаваць людзі. Для іх тут ёсць душавыя кабіны, месца прыёму ежы. Усё засталося крыху дашліфаваць. Калі казаць пра маштаб, па аб'ёмах перапрацоўкі гэта будзе цудоўны аб'ект.

У гутарцы з журналістамі міністр ЖКГ згадаў яшчэ некалькі праектаў, якія паспяхова рэалізуюцца ў краіне для захавання і прымнажэння чысціні Сінявокай: «У прошлым годзе ўвялі падобны аб'ект у Оршы, а цяпер ідзе будаўніцтва смеццесарціровачнага завода ў Ваўкавыску. Лінія крыху меншая за гэтую пабудавана ў Баранавічах. Дабудоўваецца лінія па кампаставанні на палігоне ў Баранавічах. Таму на сённяшні дзень існуе 9 прадпрыемстваў, якія перапрацоўваюць цвёрдыя камунальныя адходы».

 

 

Нагадаем: на заводзе ўстаноўлена абсталяванне вытворчасці Расійскай Федэрацыі, некаторыя камплектуючыя кітайскія. Заказчыкам аб'екта з'яўляецца КУП «Магілёўскае абласное упраўленне капітальным будаўніцтвам».

Аб тым, колькі смецця пасля сябе пакідаюць жыхары нашага горада, сапраўды сказаць складана. Аднак ёсць нарматыў. На аднаго бабруйчаніна прыпадае каля 300 кілаграмаў смецця за год, прычым пластык складае львіны працэнт ад агульнай масы.

Фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться