Маладзёжны парламент пры Бабруйскім гарадскім Савеце дэпутатаў правёў другое пасяджэнне, дзе падзяліліся напрацоўкамі за красавік-лістапад і планамi на наступны год. У мерапрыемстве, якое прайшло на базе аўтамеханічнага каледжа, прынялi ўдзел старшыня гарсавета дэпутатаў Ірына Рынейская, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Вольга Жук, начальнік упраўлення па адукацыі гарвыканкама Алена Лісіца.
У прывітальным слове Ірына Мікалаеўна настроіла маладзёжны актыў на адкрыты дыялог - прапаноўваць, абмяркоўваць, аналізаваць і задаваць пытанні.
У складзе Маладзёжнага парламента 62 чалавекі – навучэнцы і моладзь, якая працуе. «Наша дзейнасць накіравана на павышэнне прававой культуры і стварэнне ўмоў для ўцягвання моладзі ў сацыяльна-палітычнае жыццё грамадства, стварэнне спрыяльнага асяроддзя для рэалізацыі творчага патэнцыялу і амбіцый маладых людзей», - нагадала Вікторыя Ажгіхіна, старшыня Маладзёжнага парламента. Парламентарыі Бабруйска актыўна ўдзельнічаюць у розных мерапрыемствах – тэматычных дыялогавых пляцоўках, круглых сталах, дыскусіях, акцыях да памятных дат і свят, анлайн-квестах, інтэрнэт-чэленджах… Распрацавалі і рэалізавалі вялікі маладзёжны экалагічны праект «Здаровы горад – стымул для поспеху!», куды ўваходзяць марафоны чысціні і парадку, працоўныя акцыі, пасадка кветак і дрэў.
Вікторыя Ажгіхіна расказала і пра бліжэйшыя планы. Ужо ў снежні стартуе новы праект «Мой выбар - мая будучыня», накіраваны на павышэнне электаральнай актыўнасці моладзі.
Шмат цікавых ідэй для рэалізацыі ў 2025 годзе прапанавалі юнакі і дзяўчаты на сустрэчы. У план наступнага года, напрыклад, уключаць экскурсіі па Бабруйску і маршруты па знакавых месцах памяці, звязаных з падзеямі Вялікай Айчыннай вайны (да 80-годдзя Перамогі), тэматычныя квізы (дапамогуць глыбей даведацца пра гісторыю і сучаснасць роднай краіны), мерапрыемствы валанцёрскага руху і прафілактычнай накіраванасці, акцыі па добраўпарадкаванні горада.
На пасяджэнні член гарадскога Савета працуючай моладзі Наталля Манетава эмацыйна падзялілася цудоўнымі ўражаннямі аб удзеле ў маштабных маладзёжных праектах: міжнародным патрыятычным «Дарогамі Памяці і Славы» і аўтацягніку «#Беларусь. Моладзь. Профі». Член Маладзёжнага савета (парламента) пры Нацыянальным сходзе ІІІ склікання Раман Касцюкоў паразмаўляў з калегамі аб цікавых ініцыятывах і рэспубліканскіх праектах, аб важнасці электаральнай кампаніі. Малады лідэр падкрэсліў каштоўнасць зносін з вопытнымі людзьмі, ад якіх можна пераймаць веды і навыкі.
Аб значэнні і этапах выбарчага працэсу, аб поспехах і дасягненнях за 30 гадоў суверэннасці Беларусі нагадала Ірына Рынейская: ад голасу і правільнага выбару кожнага з нас залежыць, якой стане будучыня нашай краіны. Вольга Жук расказала рабятам аб рабоце Палаты прадстаўнікоў, аб законапраектах, якія знаходзяцца на разглядзе ў Парламенце і накіраваныя на ўдасканаленне сацыяльнай палітыкі. Вольга Мікалаеўна накіравала маладых бабруйчан на актыўную дзейнасць на карысць краіны і горада.
- Вельмі парадавала, што наша моладзь ведае аб нюансах электаральнай кампаніі, асновы Канстытуцыі, - падвяла вынікі сустрэчы Ірына Рынейская . - Гэта скліканне Маладзёжнага парламента працуе ўсяго некалькі месяцаў, але ўжо можна ўбачыць пэўныя напрацоўкі. Мы абмеркавалi, што зроблена і што плануецца. Былі ўнесены прапановы па развіцці горада, удзеле бабруйскай моладзі ў розных праектах. Думаю, 2025 год стане для Маладзёжнага парламента дастаткова паспяховым, але маладым людзям трэба праявіць больш актыўнасці і ініцыятыў.
Маргарыта Бушуева
Фота Аляксея Слабко
Па матэрыялах БЖ