У мінулую пятніцу здраўніца прымала моладзь Беларусбанка з усёй краіны. Важная частка форуму — нефармальная размова ў фармаце без гальштукаў з членамі Савета Рэспублікі Аляксандрам Лук'янавым і Віктарам Ананічам.

- Без гальштукаў, максімальна адкрыта і сумленна - падобны фармат ужо палюбіўся ў нашым калектыве і дае магчымасць мне, як кіраўніку банка, пачуць з першакрыніцы, што хвалюе моладзь, а маладым калегам ад першай асобы атрымаць сумленныя адказы на актуальныя пытанні, - адзначыў намеснік старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, старшыня праўлення Беларусбанка Віктар Ананіч. - Мы бачым, з якой увагай да моладзі ставіцца наш Прэзідэнт. Падтрымліваем гэты трэнд і ў нашым банку. Нядаўна ў нас абнавіўся і амаладзіўся склад Праўлення, таксама нямала маладых кіраўнікоў прызначаны на пасады дырэктараў дэпартаментаў. Таму смела магу сказаць, што ў Беларусбанку бачаць усіх, хто сябе праяўляе, і даюць магчымасць расці і развівацца.

Дарэчы, у банку паспяхова функцыянуе галіновы камітэт БРСМ. І дзякуючы гэтай арганізацыі таксама рэалізуюцца цікавыя ініцыятывы. Дзейнасць арганізацыі высока ацаніў і лідэр БРСМ Аляксандр Лук'янаў. Ён адзначыў значны ўклад моладзі банкаўскага сектара для эканомікі краіны і падкрэсліў, што менавіта ад прафесіяналізму супрацоўнікаў залежыць стабільнасць і развіццё маладзёжнай палітыкі ў фінансавай сістэме краіны. Ён выказаў падзяку работнікам за іх працу, якая часта застаецца незаўважанай, але адыгрывае ключавую ролю ў жыцці нашага грамадства.

- Вашы намаганні не толькі падтрымліваюць эканоміку, але і дапамагаюць маладым людзям станавіцца фінансава граматнымі. Мы цэнім вашу адданасць справе і імкненне да дасканаласці, - адзначыў сенатар, звяртаючыся да аўдыторыі. Аляксандр Лук'янаў таксама падкрэсліў, што моладзь Беларусі сёння ўсё больш ахвотна імкнецца да супрацоўніцтва з вопытнымі прафесіяналамі Беларусбанка, каб пераймаць веды па дзейных фінансавых прадуктах, якія дапамогуць ім гарантаваць сацыяльны рост і дабрабыт. Падчас свайго выступу сенатар падрабязна асвятліў тэму важнасці інавацый у банкаўскай сферы для маладога сучаснага пакалення, якое хутка расце. «Мы жывём у эпоху перамен, і толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам справіцца з выклікамі, якія стаяць перад намі», - дадаў лідэр БРСМ.

Адказалі парламентарыі і на пытанні моладзі банка. Так, Віктар Ананіч, разважаючы пра тое, чым ганарыцца, сказаў:

- Самы мой вялікі гонар у тым, што я знаходжуся ў камандзе Прэзідэнта. Ён мяне заўважыў і вылучыў, значыць, нешта ў гэтым жыцці я рабіў правільна. І паверце не спецыяльна, гэта ўсё павінна ісці ад сэрца, інакш нічога не атрымаецца.

Завяршылася нефармальная сустрэча ўручэннем падзяк і ганаровых грамат актыву галіновага камітэта БРСМ найбуйнейшага банка.

Па матэрыялах БЖ

Поделиться