Працягваецца серыя рэгулярных сустрэч старшыні Бабруйскага гарвыканкама Ігара Кісяля з насельніцтвам. 21 лістапада ў школе №21 жыхары Кісялевічаў абмеркавалі перспектыву развіцця былога ваенгарадка.

Мікразону абслугоўвае ЖЭУ №11 Першамайскага раёна. Апроч традыцыйных пытанняў сферы ЖКГ, грамадзян хвалявалі маштабныя абнаўленні тэрыторыі.

Ажыўленае абмеркаванне выклікалі работы па рэканструкцыі помніка-танка Т-34 і стэлы воінам-дняпроўцам. Бабруйчане дзякавалі за вялікую колькасць работ па добраўпарадкаванні сёлета. Галоўная магістраль абзавялася выкладзенымі тратуарамі, устаноўлена больш дзіцячых пляцовак.

Гучалі просьбы палепшыць транспартныя зносіны, а таксама павялічыць частату маршруту нумар 22, акрамя таго ўзнімаліся тэмы рамонту дзіцячых пляцовак і ўстаноўкі вулічных трэнажораў для падлеткаў.

Грамадзяне таксама прасілі працягваць работы па асвятленні і азеляненні вуліц экалагічна чыстага раёна.

- Вызначаемся з крыніцамі фінансавання па асвятленні. Работы па добраўпарадкаванні ў Кісялевічах неабходна працягваць , - рэзюмiраваў Ігар Мікалаевіч.

Дзеля ўдакладнення дэталяў па некаторых пытаннях старшыня гарвыканкама абяцаў асабіста выехаць на месца для вывучэння праблематыкі.

У ходзе сустрэчы паступілі просьбы і аб неабходнасці пашырэння дзіцячай паліклінікі, павелічэнні штата медыцынскіх работнікаў і будаўніцтве гандлёвага цэнтра.

Мэр Бабруйска паведаміў дадаткова, што перамовы аб будаўніцтве ГЦ вядуцца з забудоўшчыкамі. Магчымая кропка на карце - старая лесапільня. Яшчэ ў ваенгарадку, паводле генплана, павінна з'явіцца пажарнае дэпо, у доўгатэрміновай перспектыве - паліклініка.

Па матэрыялах БЖ

Поделиться