Рабочая нарада з удзелам старшыні Бабруйскага гарвыканкама Максіма Гурына адбылася з выездам на месца рэканструкцыі «Фандакоўскага» моста. У ходзе капітальнага рамонту будуць выкананы работы па абнаўленні моставага палатна, пралётных пабудоў, падыходаў да збудавання і ўмацавання апорных частак. З 21 мая тут спынены рух транспарту і пешаходаў. Аб'езд арганізаваны па вуліцы Рагачоўскай праз «Цітоўскі» мост.

Максім Гурын адзначыў: аб'ект сур'ёзны і важны для горада. Былі агучаны задачы на бягучы год. У працэсе работы трэба маніторыць сітуацыю, каб быць гатовым да любога пытання. Па графіку нарматыўны тэрмін здачы абноўленага «Фандакоўскага» моста - вясна 2028 года.
Дырэктар філіяла МСУ №2 ААТ «Мостабуд» Сяргей Рубчэня расказаў, якія работы ўжо пачаты:
- Рух цалкам закрыты, бо абедзве паловы моста знаходзяцца ў аварыйным стане. На дадзены момант выканана фрэзераванне асфальтабетоннага пакрыцця. Цяпер прыступілі да разборкі моставога палатна, што зойме каля 2 месяцаў. Далей будзем займацца падрыхтоўчымі работамі для дэмантажу моста. Канструкцыя складаная, таму толькі падрыхтоўчыя работы зоймуць паўгода. Дэмантаж плануем скончыць да наступнага лета і пачаць будаўніцтва новага збудавання па адной палове. Разборку другой паловы скончым да канца наступнага года.

Комплекснае даследаванне стану канструкцый праводзіцца дзяржаўным прадпрыемствам БелДарНДІ. У перыяд рэканструкцыі на мосце ўстаноўлены датчыкі кантролю напружана-дэфармаванага стану.

– Датчыкі дазваляюць у рэальным часе дыстанцыйна кантраляваць стан пралётных збудаванняў падчас разборкі моставога палатна і пры наступных работах, – растлумачыў Валянцін Звярынскі, галоўны канструктар галіновай моставой лабараторыі БелДорНДІ. - У параўнанні з леташнімі дадзенымі сітуацыя са станам моста пагоршылася: ёсць пэўныя месцы, дзе былі выяўлены расколіны, іх колькасць і шырыня раскрыцця павялічыліся. Гэта звязана з карозіяй арматуры, а для канструкцыі расколіны - гэта дрэнна. Збудаванне падобнага тыпу ў Беларусі засталося апошняе, зараз такія ўжо не робяць.

Будаўніцтва «Фандакаўскага» моста пачалося яшчэ ў 1980-х. Задумваўся ён як злучнае звяно паміж горадам і новым жылым раёнам, які планавалі пабудаваць на левым беразе Бярэзіны. У сярэдзіне 1990-х ад гэтай ідэі адмовіліся, а горад пачаў забудоўвацца ў паўночным і заходнім напрамках. Аднак апоры моста да таго часу ўзвесці паспелі. Неўзабаве будоўлю закансервавалі. Вярнуліся да яе толькі бліжэй да «нулявых». У верасні 2001-го мост здалі ў эксплуатацыю.

Ужо восенню 2024-га ўзмацнілі жорсткасць абмежаванняў – перакрылі частку моста на ўезд у Бабруйск. Масу транспарту знізілі да 6 тон, а хуткасць - да 40 кіламетраў за гадзіну.

Фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by