Нацыянальны праект «Фабрыка блогераў» 29 снежня гасцяваў ў Бабруйску. Маладых удзельнікаў у «Бабруйск-Арэне» сустрэла каманда гарвыканкама на чале з яго старшынёй Ігарам Кісялём.

Кароткая размова ў спарціўнай раздзявалцы - і блогеры ў форме «Дынама-Шынніка» з клюшкамі выходзяць на трэніроўку пакуль на сухі лёд. Шайбы ліха ляцяць у вароты. Мэр асабліва адзначыў, што шайбы вытворчасці нашага прадпрыемства «Белшына». У навучальных спаборніцтвах дзве каманды - Бабруйскі гарвыканкам і блогеры. Правілы простыя: кідаць па чарзе - закінуць у вароты - палічыць балы. Фізкультпрывітанне, рызыка, вясёлае саперніцтва, маральная падтрымка адзін аднаго і жарты. «Шайбу! Шайбу!» - весела скандуюць блогеры. Калі ўдаецца забіць гол (асабліва дзяўчатам), на пляцоўцы апладысменты і эмоцыі зашкальваюць. У падарунак удзельнікам - сапраўдныя бабруйскія шайбы, а лепшаму - кепка ад мэра. 

Наперадзе гульня на Лядовай арэне. Час асвоіцца на лёдзе ў поўнай экіпіроўцы. Навічкі на каньках спрабуюць больш упэўнена трымацца на гладкай паверхні і пры гэтым закінуць у вароты. Перад пачаткам матча размінка з юнымі хакеістамі. Навучальна-трэніровачны працэс прайшоў паспяхова. Каманды Бабруйскага гарвыканкама і «Фабрыкі блогераў»  гатовы пазмагацца. Афіцыйная цырымонія прывітання з гімнам, укідванне шайбы - і толькі паспявай глядзець за дынамічнай гульнёй. Хакейны матч завяршыўся з лікам 3:3 - перамагло сяброўства. А па-іншаму і быць не магло - стараліся ўсе.

Маладыя блогеры паспявалі не толькі трэніравацца, гуляць, усміхацца і дзяліцца эмоцыямі, але і здымаць кантэнт для сваіх гледачоў.

Яўгенія Тарасенка з Гродна:

- Не вельмі пашанцавала, што не ўмею катацца на каньках, але на лёд усё роўна выйшла паспрабаваць. Наогул сам працэс трэніроўкі рэальна класны. Прама камандай сапраўднай гуляем, я падтрымліваю сваіх. Калі былі на сухім лёдзе, увогуле ўлётна забіць гол у спаборніцтвах. Мне падабаецца дух спаборніцтваў. У цэлым нас у Бабруйску прынялі вельмі добра.


Крысціна Вайшчук з Брэста:

- Вельмі займальна і цікава. Першая хвіліна на лёдзе - страшна, а потым - выдатна і з'яўляецца жаданне навучыцца. Ты разумееш, як многа ў жыцці яшчэ не ўмееш. Я пра гэта ніколі не думала, але зараз у мяне задача - навучыцца ў 2025 годзе добра катацца на каньках.

Дзмітрый Юркоў родам з Віцебска, але зараз жыве ў Мінску: 

- Эмоцыі сёння ашаламляльныя. Для мяне гэта ўпершыню - выйсці на лёд. Я ўпершыню стаяў на каньках і гуляў у хакей. Вельмі класна! У Бабруйску нас сустрэлі прыгожа, усё па вышэйшым разрадзе. Мы ўжо шмат дзе былі ў іншых гарадах Беларусі. Ездзілі ў Мінск на хакейную гульню «Дынама-Мінск» «Ак Барс», а тут нам самім далі магчымасць адчуць сябе хакеістамі ў камандзе. На лёдзе стаяць класна. Ад нязвычкі ногі хутка стамляюцца, але крыху адпачыў - і хочацца зноў хутчэй вярнуцца на лёд, каб ударыць клюшкай па шайбе. Наперадзе яшчэ нямала сюрпрызаў. Нам на праекце не расказваюць, што будзе ў праграме. Удзельнікі даведваюцца аб заданнях і аб тым, што ім трэба, літаральна ў апошні момант - за гадзіну-дзве. І гэта вельмі цікава. У блогераў няма ніякіх нарыхтовак, усё ў імправізацыі.

Пасля гарачага хакейнага матчу ў «Бабруйск-Арэне» ўдзельнікі «Фабрыкі блогераў» працягнулі знаёмства з нашым горадам. Разам з мэрам Ігарам Кісялём адправіліся на экскурсію да галоўнай ёлкі на плошчы Леніна. Агульнае фота на фоне прыбранай прыгажуні надыходзячага Новага года застанецца на памяць аб Бабруйску. Настрой у блогераў ужо святочны. А наперадзе ў Бабруйскай крэпасці іх чакала яшчэ больш уражанняў ад захапляльных выпрабаванняў у квэсце «Форт Бобр Ярд».

Наш горад на Бярэзіне ніколі не адпускае гасцей без пазітыўных прыгод, пра якія прыемна ўспомніць. І хочацца вярнуцца сюды зноў па новыя эмоцыі. У Бабруйску ёсць што паглядзець і паказаць.

Інфармацыя! Для ўдзелу ва ўнікальным рэаліці-шоў «Фабрыка блогераў» журы на кастынгу адабрала 15 найлепшых блогераў. У кожнага з іх свой кантэнт (гумар, спорт, б'юці, фларыстыка, агляды) і свая колькасць падпісчыкаў. Нацыянальны праект накіраваны на пошук талентаў, падтрымку маладых блогераў і папулярызацыю дасягненняў Рэспублікі Беларусь у розных сферах. З 22 па 30 снежня ўдзельнікі шоу пражываюць у «блогерскім доме» ў Магілёве, праходзяць майстар-класы і атрымліваюць розныя заданні, у тым ліку па прасоўванні беларускіх брэндаў. У насычаным графіку экскурсіі і сустрэчы, наведванне знакавых месцаў і прадпрыемстваў у розных гарадах краіны. Галоўны прыз пераможцу - грашовая прэмія ў 20000 рублёў.

Па матэрыялах БЖ

Поделиться