Прыемна, калі на прыём да кіраўніцтва Бабруйска жыхары прыходзяць не толькі са скаргамі і праблемнымі пытаннямі, але і з ініцыятывамі, словамі падзякі.

«Дзякуй, што клапоціцеся пра наш горад, яго прыгажосць і зручнасць», – шчырая ўдзячнасць старшыні гарвыканкама Ігару Кісялю прагучала ад бабруйчанкі на прыёме 12 лютага. Жанчына звярнулася з ідэяй па добраўпарадкаванні горада. Як член Саюза майстроў народнай творчасці Беларусі яна вывучае сімволіку і стварае цудоўныя дэкаратыўныя работы з выкарыстаннем славянскага арнаменту. Бабруйчанка прапануе прымяняць сімвалы беларускага арнаменту ў добраўпарадкаванні вуліц, напрыклад, размяшчаць традыцыйныя для нашага народа элементы на тратуарах. Простыя ў выкананні сімвалы продкаў, сонца, моцнай сям'і могуць стаць упрыгожаннем горада. Ігар Мікалаевіч пазітыўна ўспрыняў ініцыятыву. Спецыялісты прадумаюць месцы размяшчэння сімвалічных знакаў беларусаў. Адзін з магчымых варыянтаў для ўвасаблення ідэі - скрыжаванне вуліц Мінскай і Кастрычніцкай.

Сямейная пара прыйшла на прыём з некалькімі хвалюючымі пытаннямі. Іх дом у цэнтры горада адносіцца да гісторыка-культурных каштоўнасцей 3 катэгорыі, падпісана ахоўнае абавязацельства. Для мужа і жонкі было важна ўдакладніць моманты, звязаныя з абслугоўваннем, рамонтам жылога дома. На прыёме растлумачылі, што заканадаўча адказнасць за гэта ляжыць на ўласніках будынка. Пры неабходнасці яны могуць заключаць разавую дамову са службамі ЖКГ на выкананне пэўных работ. Бабруйчане таксама звярнулі ўвагу: на вуліцы Маскоўскай растуць два дрэвы, карані якіх моцна дэфармуюць асфальт на тратуарнай дарожцы. Мэр даручыў правесці абследаванне гэтай тэрыторыі. На прыёме бабруйчанка ад душы падзякавала Ігару Кісялю за добраўпарадкаванне ў горадзе: «Ніколі наш Бабруйск так прыгожа не выглядаў, як цяпер, прыемна прайсці па вуліцах. І асаблівы дзякуй за рэканструкцыю Бабруйскай крэпасці».

 

Яшчэ адзін зварот тычыўся дзейнасці начнога клуба ў цэнтры горада: гучныя гукі і шум, парушэнні графіка работы, грамадскага парадку - усё гэта дастаўляе вялікія непрыемнасці і нязручнасці людзям, якія жывуць паблізу. Рычагі ўздзеяння на ўладальнікаў забаўляльнай установы - адміністрацыйная адказнасць. Мэр даў даручэнне ўзмацніць кантроль з боку міліцыі.

У гэты дзень на прыём да старшыні таксама звярталіся з пытаннямі падключэння электраацяплення, землеўпарадкавання. У таварыстве ўласнікаў узніклі рознагалоссі наконт вызначэння парадку карыстання агульным зямельным участкам. Грамадзянам растлумачылі, што пры такой форме кіравання маёмасцю рашэнні павінны прымацца калегіяльна на сходзе жыхароў-уласнікаў.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча

Па матэрыялах БЖ

Поделиться