Шумна і весела стартавала першая змена выхаваўча-аздараўленчых лагераў Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Урачыстае адкрыццё адбылося 2 чэрвеня. Кожны з 15 дзён змены будзе напоўнены радасцю, добрымі справамі, забавамі, творчасцю і спортам.

- Вось і наступіла доўгачаканая і любімая пара ўсіх хлапчукоў і дзяўчынак. Хочацца, каб гэты час вы правялі з карысцю і знайшлі сапраўдных верных сяброў, каб навучыліся нечаму цікаваму і важнаму. Каб вы з задавальненнем адпачывалі, смяяліся, тварылі, танчылі і спявалі. Хачу пажадаць вам здароўя і выдатнага настрою! - павіншавала дзяцей з пачаткам аздараўленчага сезона намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Наталія Кашо.

У пяці лагерах з дзённым знаходжаннем на базе Цэнтра на першай змене аздаровяцца 150 дзяцей. У лагеры «Нейратрон» юнакі асвояць IT-кірунак, у «Сузор'і»«Лотасе»«Юнацтве» і «Авіятары» рэалізуюцца экалагічныя праекты, актуальныя ў Год добраўпарадкавання. Фея Прыроды прынесла пасланне ад планеты Зямля, як можна дапамагчы нашай экалогіі добрымі справамі і карыснымі звычкамі. Саджаць дрэвы і кветкі, прыбіраць і падзяляць смецце, збіраць пластыкавыя крышкі… – рабяты ведаюць, як паклапаціцца аб прыродзе.

Свята пачатку летніх канікулаў і адпачынку ў лагерах дзеці адкрылі энергічным танцавальным марафонам і дружнымі гульнямі. Разам адгадвалі летнія загадкі і песні. «Усміхніся і з намі спявай», – запрасіў усіх далучацца да весялосці вакальны калектыў «Перспектыва». Наперадзе шмат знаходак і шчаслівых дзён!

Дарослыя пастараюцца, каб рабяты правялі час у лагерах Цэнтра цікава, якасна і бяспечна, праявілі свае здольнасці і таленты.

Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by

Поделиться