Двухдзённая праграма «Марафона адзінства» ў фінале падарыла Бабруйску прыгожы і маштабны канцэрт «Час выбраў нас». Лядовы палац напоўніўся песнямі, напісанымі і выкананымі ад душы і з вялікім натхненнем, зграбнымі харэаграфічнымі кампазіцыямі і народным каларытам з беларускімі традыцыямі. На сцэне выступілі папулярныя беларускія выканаўцы – гурт AURA, арт-гурт «Беларусы», Алёна Ланская, Руслан Аляхно, Віталь Гардзей, самабытныя творчыя калектывы Магілёўшчыны, Гродзенскай і Мінскай абласцей і многія-многія іншыя.
З прывітальным словам да ўсіх звярнуўся кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Ён нагадаў, што адна з мэт «Марафона адзінства» - паказаць нашы гарады, нашы рэгіёны.
- «Марафон адзінства» прыехаў у легендарны Бабруйск на адну з самых шумных і вялікіх лядовых арэн нашай краіны. У горад, на маю думку, вядомасць якога даўно выйшла за межы нашай Беларусі. Больш за 600 гадоў гераічнай гісторыі Бабруйска. Нават складана палічыць, колькі разоў ён разбураўся і адраджаўся зноў. Гераічная Бабруйская крэпасць калісьці паспяхова спыніла Напалеона, на гэтай зямлі ваявалі і з палякамі, і з фашыстамі. Вялікая Айчынная вайна пакінула асабліва глыбокія раны на сэрцы горада. Бабруйск вельмі хутка аднавіўся і цягам 10 гадоў нават быў абласным цэнтрам. Былі пабудаваны дзясяткі новых прадпрыемстваў, якія і сёння складаюць аснову эканомікі горада, выпускаюць шмат знакамітых тавараў: бабруйскія шыны, зефір, мэбля - і спіс можна працягваць. Гэта тавары, якія любяць не толькі ў нас у Беларусі, але і ў дзясятках краін свету. У Бабруйску шмат помнікаў архітэктуры, гісторыі, цікавых мясцін, якія можна паглядзець, – сказаў Дзмітрый Крутой. - Калі «Марафон адзінства» з'яўляецца падарункам усім жыхарам Беларусі, то трэба абавязкова шукаць нестандартныя «разынкі» ў кожным горадзе. Бабруйск - горад-працаўнік з вялікай колькасцю традыцый, вялікай гісторыяй, горад, дзе мірна жылі і жывуць прадстаўнікі ўсіх рэлігій і канфесій. Няўжо гэты горад - не прыклад нашага гістарычнага адзінства беларускай нацыі? Канечне, прыклад.
Дазвольце ад імя лідэра нашай краіны Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі перадаць вам самыя найлепшыя пажаданні - добрых уражанняў, добрага настрою, атрымаць задавальненне ад канцэрта.
Пад час гала-канцэрта госці сказалі нямала прыемных і важных слоў і паказалі шмат кампазіцый аб тым, што робіць наш народ моцным, адзіным, таленавітым, што выклікае гонар за Беларусь.
Бабруйчане падзяліліся ўражаннямі пасля феерычнага, па-сапраўднаму святочнага мерапрыемства марафона.
Таццяна Леановіч:
- Канцэрт вельмі спадабаўся. Асабліва прыемна, што было шмат выступленняў нашых землякоў, якія не забываюць горад. Гэта самае галоўнае. Мы разам!
Аляксей і Крысціна Еўдакімавы:
- Цудоўны канцэрт, выдатныя выканаўцы. Мы пад вялікім уражаннем, эмоцыі - клас! Усё было на вышэйшым узроўні! Вельмі ўсё спадабалася. Мы адчулі сапраўднае адзінства нашай краіны і беларусаў.
Таццяна Бока:
– Вельмі спадабаўся канцэрт. Вялікі дзякуй арганізатарам і ўсім, хто да нас прыехаў, таму што гэта сапраўды атрымаўся «Марафон адзінства». Пабывалі ў Бабруйску прадстаўнікі іншых рэгіёнаў нашай дружнай краіны. Вельмі прыемна, што арганізавалі такі цудоўны канцэрт, што віншавалі, выступалі і дзеці, і заслужаныя артысты нашай Радзімы.
Ульяна Хадасевіч:
- Канцэрт прынёс здзіўленне і радасць ад выступленняў розных калектываў і выканаўцаў. Вельмі спадабалася, незабыўныя адчуванні, таму што ў Бабруйску яшчэ такога не было.
Вольга Рыжыкава:
- Уражаная грандыёзнасцю і маштабнасцю праведзенага «Марафона адзінства». Самыя станоўчыя эмоцыі, канцэрт падарыў зарад энергіі на будучыню. Выдатна, што ў Бабруйску прайшла такая рэспубліканская грамадска-культурная акцыя, якая аб'ядноўвае ўсіх.