У Бабруйску 10 студзеня старшыня Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка сустрэўся з актывам горада. У мерапрыемстве ўдзельнічалі старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы Ігар Марзалюк, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Ігар Кісель. Былі запрошаны кіраўніцтва і прадстаўнікі ўсіх сфер Бабруйска, дэпутацкага корпуса, самыя перадавыя і неабыякавыя да сваёй малой радзімы людзі.

У фае Палаца мастацтваў удзельнікі знаёміліся з выставай «Чалавек працы», падрыхтаванай інфармацыйным агенцтвам «Бабруйск Медыя». На маляўнічых фатаграфіях - бабруйчане, якія ўслаўляюць наш горад добрасумленнай працай.


На сустрэчы з актывам Анатоль Міхайлавіч падвёў вынікі развіцця Бабруйска за мінулы год, абазначыў асноўныя напрамкі і задачы на 2025-ы.
Актыўныя бабруйчане змаглі задаць пытанні гасцям. Удзельнік міжнароднага маладзёжнага патрыятычнага праекта «Дарогамі Памяці і Славы» Наталля Манетава падзякавала губернатару за падтрымку маштабнага праекта і прапанавала дапоўніць яго мерапрыемствамі пошукавага руху: «Гэта дазволіць не толькі глыбей даведацца пра гісторыю сваёй краіны, але і зрабіць практычны ўклад ва ўвекавечанне гераічнага мінулага, захаванне памяці аб загінулых у гады вайны».
Анатоль Ісачанка сказаў, што ў гэтым годзе будуць працягваць пашыраць гэты праект, да якога ўжо далучыліся і расійскія рэгіёны.
«Праект, канешне, павінен набываць новыя формы. Праекту быць, ён запатрабаваны, а новыя метады і падыходы будзем прапрацоўваць».

Бабруйскі блогер Фёдар Еўдакімаў цікавіўся:
«Ці трэба нешта змяніць у падыходах да рэалізацыі маладзёжнай палітыкі, каб яна яшчэ больш адпавядала інтарэсам і патрэбам сучаснай моладзі? І як можа блогерская супольнасць дапамагчы ў рэалізацыі маладзёжнай палітыкі?»
Анатоль Міхайлавіч вітае зваротную сувязь з боку моладзі ў любых станоўчых праявах і ўпэўнены:
«Дасканаласці няма мяжы ў любой справе. Час не стаіць на месцы. Сёння блогерскі рух набірае абароты, і важна, каб мы знайшлі камунікацыі адзін з адным, аб’ядналі нашы намаганні і накіравалі на тое, каб выхоўваць нашу моладзь сапраўднымі людзьмі, у духу любові да Радзімы. Моладзь у нас добрая, гэта будучыня нашай краіны, і з ёй трэба працаваць».
Настаўнік 28-й школы Анжаліка Склярава задала пытанне аб нацыянальнай ідэі для Беларусі як крыніцы адзінства і натхнення для нашага народа. Ігар Марзалюк сказаў коратка:
«Я паспрабаваў адказаць на гэтае пытанне ў сваёй чарговай кнізе дастаткова ёміста. А калі коратка, то для мяне гэта - Бог, Бацькаўшчына, бацькі. І як сфармуляваў класік беларускай літаратуры Якуб Колас у паэме «Новая зямля», самае галоўнае – гэта наш нацыянальны дом і памнажэнне дабра ў ім».

На заканчэнне сустрэчы з актывам старшыня гарвыканкама Ігар Кісель падзякаваў губернатару за падтрымку:
«Тут знаходзяцца людзі, якія любяць свой горад, з'яўляюцца патрыётамі нашай краіны. І хочам запэўніць, што Бабруйск ніколі Вас не падвядзе».

Фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ