27 мая з працоўным візітам прыбыў Надзвычайны і Паўнамоцны Амбасадар Казахстана ў Беларусі Цімур Жаксылыкаў. Старшыня Бабруйскага гарвыканкама Максім Гурын сустрэў дэлегацыю ля ўезду ў горад. На карце маршруту найбуйнейшыя прадпрыемствы - ААТ «Белшына» і ААТ «Бабруйскаграмаш».

Першы прыпынак - прамысловы гігант «Белшына». Перш за ўсё - знакаміты музей. Цімуру Жаксылыкаву расказалі пра багатую гісторыю прадпрыемства і адказалі на ўсе пытанні. Пасля дэлегацыя перамясцілася на завод масавых шын. Асаблівая ўвага - тэхналагічнаму працэсу, працы людзей і тэхнікі. Гумазмяшэнне, вулканізацыя, зборка «абутку» для розных відаў транспарту - і свежая пакрышка гатова да выкарыстання. Дарэчы, у студзені гэтага года дзве мадэлі легкавых шын, якія выпускаюцца на «Белшыне», адзначаны Дзяржаўным знакам якасці. Яны адрозніваюцца арыгінальным малюнкам пратэктара, які забяспечвае высокія цягава-счэпныя ўласцівасці, устойлівасць, кіравальнасць аўтамабіля на ўсіх хуткасных рэжымах і надзейныя эксплуатацыйныя характарыстыкі на дарогах з цвёрдым пакрыццём. У цэлым шыны прызначаны для эксплуатацыі на легкавушках замежнай вытворчасці.




Далей па спісе - Бабруйскаграмаш. Прадпрыемства славіцца навясной і паўпрычэпнай сельскагаспадарчай тэхнікай. Больш за 200 найменняў - завод добра вядомы за межамі Беларусі. Цімур Жаксылыкаў азнаёміўся са зборачна-зварачным і механазборачным цэхамі, а таксама з выставай прадукцыі, што выпускаецца на заводзе. Пасол станоўча ацаніў шырокі мадэльны рад абсталявання, якое выпускаецца холдынгам.


- Казахстан і Беларусь - стратэгічныя партнёры і саюзнікі, у нас вельмі вялікае і разнапланавае супрацоўніцтва практычна ва ўсіх магчымых галінах. Паміж краінамі вельмі цеснае двухбаковае эканамічнае ўзаемадзеянне, вялікі тавараабарот. Акрамя таго, Беларусь для Казахстана важна як тэхналагічны партнёр, таму што мы сумесна рэалізуем вялікі спектр праектаў у сферы прамысловай кааперацыі. У нас у краіне з беларускіх камплектуючых вырабляецца тэхніка, у тым ліку для аграпрамысловага комплексу: камбайны, трактары, навясное і прычапное абсталяванне. Сёння мы наведалі два прадпрыемствы - «Белшыну» і «Бабруйскаграмаш». Азнаёміліся з вялікай і ўнікальнай вытворчасцю. Вядома, адметная добрая якасць беларускіх машынабудаўнічых вытворчасцей у тым, што вельмі актыўна вядзецца канструктарская і інжынерная работа па наладцы і выпуску на рынак новых адзінак тэхнікі. Але таксама захаваны старыя ўзоры, якія правераны часам і працуюць безадмоўна. Усё гэта робіць вялікае пазітыўнае ўражанне. Думаем, што супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі дзякуючы такім вытворчасцям будзе мацнець і развівацца, - падзяліўся Цімур Жаксылыкаў.

Беларусь і Казахстан актыўна развіваюць двухбаковае супрацоўніцтва. У 2024-м тавараабарот паміж краінамі склаў больш за мільярд долараў. Наша рэспубліка вядома ў краіне-партнёры малочнай і мясной прадукцыяй, трактарамі, сельскагаспадарчай тэхнікай.

Юлія Вернер, фота Аляксандра Анташкевіча, bobrlife.by