99-ты дзень нараджэння адсвяткаваў ветэран Іван Зімін. У сонечны сакавіцкі дзень павіншаваць доўгажыхара прыбылі старшыня гарадскога Савета дэпутатаў Ірына Рынейская і першы намеснік старшыні Бабруйскага гарвыканкама Ігар Урбановіч. У падарунак імянінніку - шчырыя пажаданні здароўя, даўгалецця, аптымізму і, вядома ж, прысмакі.

Іван Мікалаевіч сардэчна сустрэў гасцей і падзякаваў за ўвагу і прэзенты. А яшчэ падзяліўся сакрэтам даўгалецця: актыўны лад жыцця і адсутнасць шкодных звычак. Кожны дзень мужчына выходзіць прагуляцца на вуліцу, дзе з задавальненнем размаўляе з суседзямі. У цёплы час года ветэран актыўна дапамагае нявестцы Наталлі Мікалаеўне на дачы.
- Ён вельмі актыўны, прыстойны, клапатлівы, добры чалавек. Фізічна вельмі моцны. Няма ні дня, каб ён не выйшаў прагуляцца. І не проста на ўслончыку сядзіць - заўсёды з кімсьці пагаворыць, кола зносін пастаянна мяняецца. У агародзе ён мой галоўны памагаты. Заўсёды кажа: «Я ўскапаў, што пасадзіць?» – дзеліцца Наталля Зіміна, нявестка Івана Мікалаевіча.
Іван Мікалаевіч нарадзіўся 10 сакавіка 1926 года ў Астраханскай вобласці, Чарнаярскім раёне, сяле Салёнае Займішча. Яго бацька быў цесляром, памёр да пачатку вайны. Маці звалі Марыяй Ціханаўнай, у сям'і ўсяго было 6 дзяцей. Вялікую Айчынную вайну Іван сустрэў 15-гадовым падлеткам, навучэнцам сталінградскага рамеснага вучылішча.
Сам час прадыктаваў Івану Мікалаевічу замест грамадзянскай прафесіі асвойваць ваенную. Як многія хлапчукі таго часу, ён марыў небам - марыў стаць лётчыкам. А вучоба па мерках ваеннага часу зацягнулася, віной таму сталі пастаянныя перафарміраванні і перадыслакацыі навучальных устаноў.
Іван Мікалаевіч добра памятае авіяцыйныя бамбардзіроўкі, якія працягваліся цэлымі начамі… 9 мая 1945 гада - дзень Перамогі - ён сустрэў курсантам лётнай школы ў Чарнагорску, у Хакасіі.

Час пераездаў не перарываўся і пасля вайны. У 1946 годзе Іван быў накіраваны ў Чэлябінск (асвойваць спецыяльнасць ужо не лётчыка, а тэхнікамеханіка), адтуль у Казань, у ваеннае авіяцыйна-тэхнічнае вучылішча далёкай авіяцыі. У 1947 скончыў яго. Першым месцам службы стаў горад, пра які Зімін раней не чуў, - Бабруйск, месца дыслакацыі 111-га бамбардзіровачнага авіяцыйнага палка.
Тут жа ён сустрэў рыжскую студэнтку, якая прыехала на канікулы ў родны Бабруйск. З Сафіяй Канстанцінаўнай яны пражылі ў каханні і павазе 68 гадоў (жонкі не стала 4 гады таму). У 1970-м Іван Мікалаевіч завяршыў службу ў войску ў званні маёра. Сям'я вярнулася ў Бабруйск, на радзіму жонкі. Разам са сваёй вернай спадарожніцай прыйшоў працаваць на шынны камбінат у цэх КВПіА, дзе працаваў 23 гады.
Іван Мікалаевіч узнагароджаны медалямі «За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», «За баявыя заслугі», мае юбілейныя медалі.