Давераная асоба аднаго з кандыдатаў на пасаду Кіраўніка дзяржавы 22 студзеня сустрэўся з працоўнымі калектывамі ААТ «ТАіМ», «Чырвоны харчавік» і «БЗТДіА».

Спікер расказаў няпростую гісторыю станаўлення Беларусі як моцнай і незалежнай дзяржавы. Рост эканомікі, падтрымка насельніцтва, арыенцір на сацыяльную сферу, развіццё адукацыі, аховы здароўя - усе гэтыя складнікі прывялі да выніку, які сёння дэманструе наша краіна. У сваёй прамове выступоўца закрануў і горад на Бярэзіне - сёння ў Бабруйску створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця.
Сяргей Шакураў, начальнік аддзела маркетынгу і збыту ААТ «ТАіМ»:
- Такія сустрэчы актуальныя, асабліва для моладзі, якая не памятае часы, калі ў магазінах былі пустыя паліцы, усё было па картках. Неабходна расказваць маладым людзям, каб яны разумелі розніцу. Прэзідэнт, на мой погляд, павінен быць у першую чаргу дальнабачным, разумець, што неабходна народу. Яго галоўная мэта - імкнуцца да таго, каб простым грамадзянам было камфортна жыць у краіне. Свой выбар я зрабіў у першы дзень датэрміновага галасавання.
Іван Малы, інжынер-праграміст ААТ «ТАіМ»:
- Для моладзі такія сустрэчы вельмі важныя, таму што эканоміка актуальная заўсёды. Спікер расказаў, як яна мянялася з часоў 1990-х да сённяшняга дня. На маю думку, Прэзідэнт краіны павінен быць рашучым, смелым, разумець, куды трэба рухацца. Галасаваць пайду ў асноўны дзень.

Аляксандр Скудны, намеснік начальніка аддзела эканамічнай бяспекі ААТ «Чырвоны харчавік»:
- Вырашаецца лёс краіны. Мы сваім выбарам вызначаем, якім яму быць. Прэзідэнт Беларусі павінен быць моцным лідэрам з валявымі якасцямі, асабліва цяпер. Ён мусіць не баяцца прымаць рашэнні і несці адказнасць за іх. Жадаю бачыць сваю краіну квітнеючай і мірнай, каб у людзей быў годны ўзровень жыцця.
Таццяна Цюцерава, прыёмаздатчык мармеладнага цэха ААТ «Чырвоны харчавік»:
- Хочацца бачыць Беларусь мірнай і квітнеючай ва ўсіх адносінах. І дзяцей сваіх таксама вучым таму, што галасаваць - гэта наш абавязак. Сын ужо не раз браў удзел у выбарах, а дачцы ў маі споўніцца 18 гадоў, і яна з нецярпеннем чакае, калі таксама зможа галасаваць.


Наталля Дзюба, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, сацыяльным развіцці і рабоце з персаналам ААТ «БЗТДіА»:
- Прымаючы ўдзел у выбарчай кампаніі, кожны грамадзянін нашай рэспублікі выконвае свой абавязак, выказвае сваё волевыяўленне і нясе адказнасць за прынятае рашэнне, у якой краіне жыць нам і нашым дзецям, як будзе наша краіна развівацца. Беларусь бачу мірнай і квітнеючай краінай.

Датэрмінова выбаршчыкі могуць прагаласаваць да 25 студзеня. Выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пройдуць 26-га.
Юлія Вернер, Людміла Любімцава
Фота Аляксандра Анташкевіча і Аляксея Слабко
Па матэрыялах БЖ