11 красавіка ў Бабруйску прайшлі цырымоніі ўскладання кветак да мемарыялаў у рамках ІІ рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянні. Вынік». У гэты дзень адзначаецца вызваленне вязняў фашысцкіх канцлагераў.
Толькі на акупіраванай тэрыторыі Беларусі было створана больш за 260 лагераў смерці і месцаў масавага знішчэння людзей. Азарычы. Трасцянец, Дразды, Чырвоны Бераг - гэтыя і многія іншыя месцы на карце нашай краіны ў гады Другой сусветнай вайны ператварыліся ў сапраўдныя фабрыкі смерці. Устаноўлена, што там знішчана звыш 1,5 мільёна чалавек. Але рэальная колькасць ахвяр значна большая. Быў такі лагер і на тэрыторыі Бабруйскай крэпасці - лагер смерці №131.
У Бабруйску таксама з першых дзён вайны нямецка-фашысцкія акупанты ўчынілі яўрэйскае гета, куды сагналі ўсё яўрэйскае насельніцтва горада. На працягу 6 і 7 лістапада 1941 года ўсе яўрэі, якія тут знаходзіліся, былі па-зверску знішчаны каля вёсак Каменка і Яловікі. У гэты ж час, на гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі, фашысты спалілі і расстралялі тысячы вязняў крэпасці. 19 кастрычніка 2008 года на месцы Бабруйскага гета быў устаноўлены мемарыяльны знак для ўвекавечання памяці знішчаных вязняў.
Менавіта тут у гэты дзень і прайшоў мітынг-рэквіем у памяць аб нявінна забітых бабруйчанах. У ім прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацый горада, грамадскіх арганізацый, работнікі прадпрыемстваў.









- Гэта дзень, калі мы ўспамінаем ахвяр фашысцкага рэжыму. Калі чалавек памятае мінулае, у яго ёсць будучыня. Беларусі спатрэбілася шмат гадоў, каб аднавіцца пасля той страшнай вайны. Мы тут сабраліся для таго, каб яшчэ раз сказаць: «Не вайне!» І гэта перамога над фашызмам. Ды дабраславіць Усявышні гэту краіну і цудоўных людзей, якія жывуць тут, – сказаў рабін Бабруйска Шауль Хабаба.
Удзельнікі мітынгу-рэквіема ўшанавалі памяць вязняў гета хвілінай маўчання і ўсклалі кветкі да падножжа мемарыяльнага знака. У нашай краіне на працягу стагоддзяў побач жывуць прадстаўнікі розных нацыянальнасцей, рэлігій і культур. І пакуль усе грамадзяне Беларусі адзіныя ў агульным імкненні да свабоды і справядлівасці, роўнасці і талерантнасці, насенне варожасці і нянавісці ніколі не дасць усходаў на тэрыторыі нашай краіны.












Людміла Любімцава, фота Віктара Шэйкіна, bobrlife.by