Электаральная кампанія па выбарах Прэзідэнта і развіццё Бабруйска - асноўныя тэмы дыялогу з працоўным калектывам ААТ «Бабруйскі мясакамбінат». Сустрэчу з работнікамі прадпрыемства 17 снежня правёў старшыня гарвыканкама Ігар Кісель пры ўдзеле начальніка аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі гарвыканкама Веранікі Вільчык.
Выбар даты правядзення выбараў Прэзідэнта ў пачатку каляндарнага года абумоўлены шэрагам прычын, адзначыла Вераніка Аляксееўна. Улічваўся станоўчы вопыт мінулых гадоў. Завяршаецца пяцігодка, нававыбранаму Прэзідэнту трэба будзе прааналізаваць зробленае за папярэдні перыяд і вызначыць стратэгію ўнутранай і знешняй палітыкі, напрамкі развіцця на будучыню. Жыхары краіны ў зімовы перыяд не заняты пасяўной і дачнымі клопатамі, менш знаходзяцца ў водпусках, у навучальных установах не сканцэнтраваны на ўступных экзаменах.
У Бабруйску ўтвораны дзве тэрытарыяльныя камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - у Ленінскім і Першамайскім раёнах, а таксама 99 участкаў для галасавання. З 1 студзеня пачнецца актыўны этап электаральнай кампаніі - агітацыя і знаёмства з перадвыбарнымі праграмамі кандыдатаў. Прагаласаваць датэрмінова ці ў асноўны дзень 26 студзеня 2025 года - кожны грамадзянін вырашае сам.
«Чым больш свядомае грамадства, тым больш стабільнай і ўстойлівай будзе наша дзяржава. Калі ідзем на выбарчыя ўчасткі, мы заўжды думаем, які выбар зрабіць. Зусім хутка нашы галасы вызначаць далейшую будучыню Беларусі. Важна выбраць чалавека, які б любіў сваю краіну, шмат зрабіў для яе працвітання», – падзялілася меркаваннем Вераніка Вільчык.
Аб асноўных паказчыках сацыяльна-эканамічнага развіцця Бабруйска, аб рабоце прамысловага комплексу і аб планах на наступны год расказаў на сустрэчы Ігар Кісель. Старшыня гарвыканкама адзначыў, што ў горадзе рэалізаваны інвестыцыйныя праекты па будаўніцтву дзіцячага сада ў Кісялевічах, вуліцы Папова (ад Шыннай да Леніна). Вядзецца рэалізацыя інфраструктурных праектаў - індывідуальнай жылой забудовы на вуліцы Шырокай, будаўніцтва вуліцы Ульянаўскай (ад Гагарына з выхадам на Мінскую шашу). У наступным годзе завершыцца інвестпраект па будаўніцтве новай лесапільнай вытворчасці ТАА «БР-Вуд» (уваходзіць у праграму «Адзін раён - адзін праект»). На тэрыторыі мясакамбіната ажыццявяцца праекты па будаўніцтве кацельні і цэха паўфабрыкатаў.
У наступным годзе плануецца пачаць будаўніцтва буйных аб'ектаў - вяслярнай базы, фізкультурна-аздараўленчага комплексу ў раёне «Бабруйск-Арэны», хірургічнага корпуса бальніцы ім. Марзона. Працягваецца рэканструкцыя Бабруйскай крэпасці. Многае ў нашым горадзе запланавана на 2025 год па развіццю і добраўпарадкаванню мікразон.
Работнікі прадпрыемства змаглі задаць мэру пытанні і падзяліцца прапановамі.
- У працоўных калектывах размаўляем на тэму выбарчай кампаніі. На сустрэчах задаюць шмат пытанняў, людзей цікавіць жыццядзейнасць нашага горада. Такія дыялогі будзем праводзіць часта, пастараемся ахапіць усе буйныя прадпрыемствы Бабруйска. Ужо складзены графік сустрэч з калектывамі: запланаваны сустрэчы не толькі са мной, але і з маімі намеснікамі, - сказаў Ігар Мікалаевіч.
Маргарыта Бушуева, фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ