Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 20 студзеня падпісаў указ №33 «Аб павышэнні пенсій», паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
З 1 лютага павышаюцца ўсе віды працоўных пенсій: па ўзросту, за выслугу гадоў, па інваліднасці, у сувязі са стратай карміцеля. У выніку пераразліку памер працоўнай пенсіі павялічыцца ў сярэднім на 10%.
Паводле папярэдняй ацэнкі, сярэдні памер пенсіі па ўзросту ў лютым 2025 года складзе Br930, а гадавое павелічэнне (люты 2024 года да лютага 2025 года) - Br120, або 14,8%.
У Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны падкрэслілі, што памер павелічэння працоўнай пенсіі ў кожнага пенсіянера будзе свой у залежнасці ад працягласці стажу і велічыні заробку, улічаных пры вылічэнні яму пенсіі, а таксама ўстаноўленых даплат да асноўнай пенсіі.
У цэлым у лютым расходы на выплату пенсій складуць каля Br2,2 млрд., з іх на павышэнне пенсій будзе накіравана Br196 млн.