Дзяржава будзе развіваць тыя напрамкі, дзе ў яе ёсць кампетэнцыі і база. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 14 лютага ў час наведвання ААТ «ІНТЭГРАЛ».

Мікраэлектроніка - частка прамысловага комплексу, падгаліна электроннай галіны. Гэта інтэгральныя мікрасхемы (або чыпы), транзістары і дыёды (паўправаднікі). Такая прадукцыя сёння выкарыстоўваецца ва ўсіх сферах.

У холдынгу «ІНТЭГРАЛ» вырабляецца каля 3,5 тыс. найменняў такой прадукцыі.

«Мы цяпер вельмі шмат - з маёй падачы, жорсткага патрабавання - гаворым пра далейшае развіццё, інвестыцыйныя праграмы, укладанні грошай і гэтак далей. Двойчы я адхіляў усялякія інвестыцыйныя праграмы. Не скажу, што мы ўжо дайшлі да таго, чаго я хацеў бы ў гэтых інвестыцыйных праграмах. Многае пачалі, часам тое, што магло пачакаць (яно патрэбна будзе, але магло пачакаць), і трэба заканчваць, інакш разваліцца тое, што пачалі будаваць. Але з наступнага года мы будзем будаваць па інвестыцыйных праграмах толькі тое, што нам патрэбна для жыцця, і перш за ўсё вытворчасці. Ёсць вытворчасці - ёсць жыццё, няма вытворчасці - няма жыцця», - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«І заўсёды паўстае пытанне: а якім жа шляхам ісці? Я зыходзіў з жыцця і запатрабаваў: давайце будзем развівацца ў тых напрамках, дзе ў нас ёсць кампетэнцыі і база. Вось, калі ласка, - мікраэлектроніка сёння ў топе. Які штучны інтэлект і іншае - без вас немагчыма. І што, мы будзем сёння ствараць ракеты касмічныя або будзем развівацца ў тых напрамках, дзе мы ўмеем нешта рабіць, разумеем. Таму я запатрабаваў, каб грошы ўкладвалі ў развіццё тых кампетэнцый, якія мы маем», - сказаў Прэзідэнт.

У якасці аднаго з прыкладаў кіраўнік дзяржавы прывёў развіццё аўтамабілебудавання і, у прыватнасці, вытворчасць электрамабіляў. «Ёсць сёння попыт на электрамабілі, давайце зоймемся гэтым. Што для гэтага патрэбна - электрарухавік. Мы ўмеем іх рабіць? Умеем. Яны не аўтамабільныя - для ліфтаў і гэтак далей (у Магілёве), але гэта блізка да таго. Развіваемся, і электрамабіль - доследны ўзор - атрымалі. Калі будзем далей настойліва ісці, то праз год-паўтара-два мы будзем мець свой электрамабіль. А для гэтага патрэбна электрычнасць. Атамная станцыя ёсць, лішак электраэнергіі і іншае. Сёння думаем, можа, і другую пабудаваць, таму што электраэнергія патрэбна будзе заўсёды. Яна залішняй быць не можа», - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.

Яшчэ адзін перспектыўны напрамак - вытворчасць медыцынскіх прэпаратаў і процівірусных вакцын. «Пастаўлена задача. У бліжэйшы час я займуся гэтай тэмай, - дадаў беларускі лідар. - Мы можам і самалёт пабудаваць, і тое, і другое, і пятае, і дзясятае. Але для гэтага трэба вялікія грошы і час. І ці варта нам гэтым сёння займацца? Давайце вось гэта, зямное, рабіць і пару-тройку праектаў, як атамная станцыя, БНБК, яшчэ некалькі напрамкаў».

Генеральны дырэктар ААТ «ІНТЭГРАЛ» Андрэй Буйневіч далажыў кіраўніку дзяржавы аб фінансава-эканамічным стане холдынга і перспектывах яго развіцця. Прэзідэнт азнаёміўся з выстаўкай выпускаемай прадукцыі.

Прадэманстравалі яму і мікрасхему рэгуляванага стабілітрона К1242ЕР1БП (IL431AM-1), якая нядаўна была ўдастоена Дзяржаўнага знака якасці. Адметнасцю яе з'яўляецца павышаная стабільнасць выхаднога напружання пры змяненні тэмпературы навакольнага асяроддзя і току нагрузкі. На прадпрыемстве падкрэслілі, што мікрасхема валодае высокай надзейнасцю і аховай ад уздзеяння статычнай электрычнасці і можа быць выкарыстана ў якасці ўнутрысхемнага рэгулятара ў крыніцах сілкавання і зарадных устройствах, а таксама ў якасці эквіваленту стабілітронаў.

«Усіх вытворчых плошчаў каля 250 тыс. квадратных метраў, наша тэрыторыя 46 гектараў. Кіруючая кампанія тут, маем пляцоўкі ў Маладзечне, Гомелі і ў Брэсце і філіял у Пінску», - праінфармаваў Андрэй Буйневіч.

«Тыя прадпрыемствы, якія, груба кажучы, вам калісьці навесілі на плечы, яны патрэбны вам былі, калі бралі, працуюць?» - удакладніў Прэзідэнт.

«Гэтыя пляцоўкі працуюць эфектыўна. Усе прадпрыемствы працуюць з чыстым прыбыткам, маюць праграмы развіцця і развіваюцца», - сказаў гендырэктар.

«Малайцы, што ўзялі заводы, якія некалі кульгалі, ды і ў вас было не вельмі», - заўважыў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, як наладжаны вытворчыя працэсы ў холдынгу і на прадпрыемствах у рэгіёнах. «А без тых заводаў, пляцовак вы маглі б абысціся?» - спытаў ён.

«Сёння так выбудавалі кааперацыю, каб тыя пляцоўкі працавалі на нас. Прынялі ўсе меры для таго, каб тыя пляцоўкі функцыянавалі з намі як адзінае цэлае», - растлумачыў Андрэй Буйневіч.

БЕЛТА

Поделиться