Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка зрабіў рабочую паездку ў Шклоў, дзе наведаў некалькі аб'ектаў аграпрамысловай сферы. Гэта пляцоўкі райаграсэрвісу, камбікормавага і малакаперапрацоўчага заводаў. Усюды вядзецца маштабнае будаўніцтва, вынікам якога павінны стаць сучасныя вытворчасці, прывабныя працоўныя месцы, ды і проста добраўпарадкаванне тэрыторый, на што кіраўнік дзяржавы звяртаў асаблівую ўвагу. Адпаведна, трэба будзе прыцягваць кадры, будаваць новае жыллё. Задача максімум - не проста надаць дадатковы імпульс развіццю канкрэтна Шклоўскага раёна, але задаць высокі стандарт для іншых раёнаў, кожны з якіх у бліжэйшай будучыні трэба прывесці ў ідэальны парадак. А гэта ўжо ключ да эфектыўнага развіцця краіны ў цэлым. Каб насельніцтва не сцягвалася выключна ў Мінск і некалькі іншых буйных гарадоў, трэба стварыць для людзей магчымасць камфортна жыць і працаваць у такіх невялікіх гарадках і ў вёсцы.

Шклоўскі раён Аляксандр Лукашэнка выбраў для такога паказальнага ператварэння невыпадкова. Любыя перамены, нават пазітыўныя, павінны адбывацца па-гаспадарску, без непатрэбных празмернасцей і неабдуманых рашэнняў. Таму важны кантроль зверху, а ў гэтым раёне Прэзідэнт ведае літаральна кожны метр. Менавіта тут знаходзіцца яго малая радзіма, тут ён прайшоў многія жыццёвыя этапы, непасрэдна на зямлі напрацоўваў кіраўніцкі вопыт.
Кіруе Шклоўскім раёнам Сяргей Барташ - былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання. Гэта ўжо само па сабе надае дадатковую адміністрацыйную вагу, а разам з нядаўнімі рашэннямі кіраўніка дзяржавы па ўзмацненні паўнамоцтваў старшынь райвыканкамаў можна сказаць, што інструментарый для развіцця рэгіёна больш чым дастатковы. Тут жа, дарэчы, працуе буйны аграхолдынг "Купалаўскае", які знаходзіцца ў веданні Кіраўніцтва справамі Прэзідэнта.
Зрабіць Шклоўскі раён узорным, як "міні-Беларусь", Аляксандр Лукашэнка даручаў Сяргею Барташу яшчэ ў кастрычніку мінулага года. Для гэтага патрабавалася навесці парадак перш за ўсё з базавымі арганізацыямі раёна, вызначыць новыя кропкі росту. Размова тады ішла якраз пра аднаўленне паўнацэннай работы камбікормавага завода, райаграсэрвісу. "Зрабі так, як "міні-Беларусь", каб у цябе была і сельгастэхніка (райаграсэрвіс. - Заўвага БЕЛТА), і ПМК будаўнічая, ільнонасенстанцыя. Усё давядзі да ладу", - даручаў Прэзідэнт.
У цяперашні прыезд Аляксандр Лукашэнка актуалізаваў задачу, а заадно паглядзеў, што ўжо робіцца на практыцы. "Са Шклоўскага раёна ты павінен зрабіць узорна-паказальны раён. Зробіш - прыходзь прасі ўсё, што палічыш патрэбным", - сказаў Аляксандр Лукашэнка старшыні райвыканкама.
Звяртаючыся ў канцы паездкі да журналістаў, кіраўнік дзяржавы сказаў: "Вы зразумелі, што такое развіццё рэгіёнаў? Вось у кожным раёне мы будзем гэта рабіць".