Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на выязным семінары-нарадзе па сельскай гаспадарцы расказаў аб асноўнай задуме чарговага мерапрыемства ў такім фармаце - размова аб умовах утрымання буйной рагатай жывёлы.

"Ад гэтага мы нікуды не адыдзем", - падкрэсліў беларускі лідар. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней прапаноўваў паставіць у Беларусі помнік карове ў знак заслуг гэтай жывёлы ў жыцці людзей, і асабліва ў гады Вялікай Айчыннай вайны. "Людзі ішлі ў лясы і з сабой бралі жывёлу, каб выжыць. Карова і сёння корміць народ. Гэта не толькі малако, але і мяса, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Калі мы хочам быць здаровымі, трэба дыхаць нармальным паветрам і харчавацца нармальнымі прадуктамі, зыходзячы з гэтага, карова, вобразна кажучы, павінна стаяць у палацы".

Прэзідэнт адзначыў, што за апошнія гады намацалі, якім шляхам развівацца ў жывёлагадоўлі. Прынялі рашэнне, што жывёлагадоўчыя фермы неабходна пераўтварыць у жывёлагадоўчыя малочнатаварныя комплексы (МТК), дзе ў цэлым па ўсім ланцугу выконваюцца тэхналогіі.

"Жым адносна гэтага будзе вельмі сур'ёзны. Я вырашыў вас запрасіць, паказаць, расказаць. Тут спецыялісты, якія могуць і пакрытыкаваць, і выказаць сваю пазіцыю. Для вас, для журналістаў невялікі гадзінны ўрок. Каб вы разумелі, што гэта за тэхналогія, у якім "палацы" павінны ўтрымліваць кароў", - сказаў Аляксандр Лукашэнка аб задуме мерапрыемства.

Гэта важна яшчэ і напярэдадні дзвюх вялікіх нарад па захаванасці маладняку БРЖ і па рабоце аграрна-прамысловага комплексу ў Віцебскай вобласці, дзе назбіралася шмат праблем.

Прэзідэнт падкрэсліў, што вырабляць малако высокай якасці - гэта вельмі прыбыткова. З яго потым можна вырабіць цэлы спектр разнастайнай прадукцыі, якая шырока запатрабавана і за мяжой.

"У вас сёння ёсць усё для таго, каб арганізаваць працэс вытворчасці і перапрацоўкі. Без жартаў. Паўтараю яшчэ раз: не хочаце ў акопах сядзець, у гразі вошай пладзіць - давайце працаваць, - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. - Выкананне тэхналогій і ваенная дысцыпліна. Вам дадзены ўсе правы. Калі не хочам вайны, значыць, трэба працаваць правільна. Трэба атрымліваць прадукцыю і прадаваць. Трэба, каб сумленна падыходзілі да гэтай работы".

Гаворачы пра семінар-нараду, Аляксандр Лукашэнка расказаў, што папрасіў экс-кіраўніка Мінскай вобласці, а цяпер прэм'ер-міністра Аляксандра Турчына і іншых спецыялістаў, каб яны вызначылі тыпавы комплекс, на прыкладзе якога можна прадэманстраваць існуючы перадавы вопыт. МТК "Селішча-2" у агракамбінаце "Дзяржынскі" нават з запасам адпавядае гэтым крытэрыям. "Гэта будучае стагоддзе", - канстатаваў Прэзідэнт. Тым не менш і тут усё зроблена хоць і вельмі добра, але эканомна. Многія будаўнічыя работы выконваліся гаспадарчым спосабам. "А што тут складанага? Калі ты добры кіраўнік, ты абавязаны мець сваю будаўнічую брыгаду", - заўважыў беларускі лідар.

Гэта адзін з добрых прыкладаў, які трэба пераймаць і ў іншых арганізацыях, дзе гэта яшчэ не зрабілі. У цэлым у краіне не больш як трэць сельгаспрадпрыемстваў, на якія трэба звярнуць пільную ўвагу. Астатнія працуюць або ў цэлым нядрэнна, або на высокім узроўні.

"Нам трэба прыстасаваць (вопыт перадавых гаспадарак. - Заўвага БЕЛТА), недзе мадэрнізаваўшы старыя фермы, ператварыць іх у малочнатаварныя комплексы. Патрэбна сучаснае ўтрыманне жывёлы. І прадаваць малако гатункам "экстра". Гэта сёння добрыя грошы і сёння малако прыбытковае", - ставіць задачу беларускі лідар.

Ён звярнуў увагу на тое, што адбываецца ў свеце, - войны і канфлікты. Нажывацца на іх - гэта не палітыка Беларусі, але і без гэтага прадукты харчавання ў свеце заўсёды будуць запатрабаваны, упэўнены Прэзідэнт: "І без войнаў людзей трэба накарміць. Значыць, попыт на прадукты харчавання і адзенне будзе (а адзенне таксама з зямлі) толькі ўзрастаць. Таму нам трэба абавязкова ісці гэтым шляхам - ствараць МТК і вырашаць гэтыя праблемы".

Аляксандр Лукашэнка асабліва звярнуў увагу на ўмовы ўтрымання БРЖ, і асабліва маладняку, каб не дапускаць падзяжу, што для многіх гаспадарак пакуль з'яўляецца праблемай. А для гэтага патрэбны не толькі добрыя памяшканні, але і якасныя кармы. "Няма маладняку ​​- няма ні малака, ні мяса", - канстатаваў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб двух даручэннях, якія даваліся яшчэ раней, - зрабіць айчынныя прэсы для нарыхтоўкі сенажу і робаты для даення, якія былі б па якасці не горшыя за замежныя.

"Прэс трэба зрабіць. Гэта пытанне жыцця і смерці", - патрабуе кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што якасць тэхнікі ўплывае на якасць кармоў, а гэта - здароўе жывёлы.

Што датычыцца робатаў для даення, Аляксандр Лукашэнка бачыць у гэтым перспектыву ў тым ліку з улікам дэфіцыту кадраў у вёсцы. Але гэта таксама пытанне эфектыўнасці вытворчасці.

У ліку ўдзельнікаў семінара-нарады - старшыні аблвыканкамаў і іх першыя намеснікі, упаўнаважаныя прадстаўнікі кіраўніка дзяржавы ў рэгіёнах, памочнікі Прэзідэнта - інспектары па абласцях.

Мерапрыемства ў такім фармаце выязнога семінара па тэматыцы сельскай гаспадаркі з удзелам кіраўніка дзяржавы праходзіла таксама ў лютым бягучага года. Яно было арганізавана ў Смалявіцкім раёне Мінскай вобласці на базе сельгаспрадпрыемства "Шыпяны-АСК". Тады абмяркоўваліся розныя практычныя аспекты кармлення і ўтрымання буйной рагатай жывёлы ў зімова-стойлавы перыяд, падрыхтоўка асноўных відаў сельскагаспадарчай тэхнікі да веснавых палявых работ, новыя сарты сельскагаспадарчых культур і рэгламенты іх вырошчвання.

БЕЛТА

Поделиться