За дзеючага Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнку, які ўдзельнічае ў электаральнай гонцы, сабрана ўжо больш за 700 тысяч подпісаў. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 14 лістапада ў час размовы з журналістамі на стадыёне «Трактар ».
Аляксандр Лукашэнка адзначыў:
- Мяне ўчора інфармавалі, што на сённяшні момант больш за 700 тысяч подпісаў сабрана. Шчыра кажучы, я так старанна не сачыў за гэтым, таму што вы бачылі ўсе гэтыя паездкі, камандзіроўкі, «Дажынкі»… Шмат цяпер спраў напрыканцы года.
Паводле слоў Прэзідэнта, зараз, напрыклад, завяршаецца ўборка агародніны. Падводзячы сцісла вынікі сельскагаспадарчага года, Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што ў нас сёння ёсць усё, і нават больш, чым мы чакалі. А з улікам таго, што ў Расіі кошты на прадукты падскочылі, мы можам больш адпраўляць туды на экспарт.
Працягваючы тэму выбараў, Кіраўнік дзяржавы расказаў, што ў бліжэйшы час плануе сустрэцца з кіраўніцтвам сваёй ініцыятыўнай групы, падзякаваць ім на першым этапе і абмеркаваць далейшыя дзеянні:
- Галоўнае, каб альтэрнатыўшчыкі таксама збіралі свае подпісы. Як мне дакладваюць, людзі не надта ідуць на тое, каб ставіць подпіс за іншага кандыдата.
У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка заклікаў падпісвацца і за іншых прэтэндэнтаў, якія прадстаўляюць розныя палітычныя сілы:
- Няхай яны ўдзельнічаюць у выбарах. Я быў прыхільнікам, каб усе партыі, буйныя грамадскія арганізацыі вылучалі сваіх кандыдатаў.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, сярод удзельнікаў выбарчай гонкі ёсць яго прыхільнікі:
- Ну будзем разам змагацца за той курс, які мы даўно вызначылі. Няма ніякага страху, што будуць удзельнічаць усе, хто захоча. Мы там дамовімся. Мы больш не дадзім магчымасць краіну ні нахіліць, ні на калені паставіць, ні разбурыць. Гэта выключана, як бы камусьці гэта не хацелася.