Ключы ад новых арэндных кватэр уручаны 16 педагогам Магілёва і Бабруйска. Урачыстая цырымонія прайшла ў час сустрэчы вялікага педагагічнага актыву са старшынёй Магілёўскага аблвыканкама Анатолем Ісачанкам.
У спісе шчаслівых уладальнікаў доўгачаканых кватэр - працаўнікі школ, гімназій і дзіцячых садоў. Так, трохпакаёвае жыллё на вул.Ямніцкай абласнога цэнтра атрымала настаўнік пачатковых класаў СШ №7 Магілёва Крысціна Філіпенка. Хутка яна пераедзе туды разам з мужам і двума дзецьмі - 8-гадовым Артурам і 12-гадовай Алісай. «Цяпер мы жывём у інтэрнаце, умовы не вельмі зручныя – няма свайго санвузла і кухні, таму асобная кватэра – сапраўдная мара, – сказала педагог. – Мы 12 гадоў у шлюбе, і для нас атрыманне жылля стала доўгачаканай падзеяй».
Новую кватэру Крысціна Філіпенка пакуль яшчэ не бачыла ўжывую, але ў галаве ўжо складваецца карцінка, як распланаваць пакоі, якую мэблю купіць. Сям'ю чакаюць вялікія, але вельмі прыемныя клопаты. «Пакуль мне цяжка перадаць свае эмоцыі - мусіць, усведамленне пакуль не прыйшло, - усміхаецца яна. - Муж таксама нервуецца - такая падзея, сапраўдны навагодні падарунак! Мы чулі пра кватэры для вайскоўцаў і медыкаў, але не думалі, што самі атрымаем такую вялікую падтрымку ад дзяржавы».

Настаўніку гісторыі і грамадазнаўства гімназіі №1 Бабруйска Аляксею Косаву сёння ўручылі ключы ад новай двухпакаёвай кватэры, чаму ён вельмі рады. «Сам родам з Асіповічаў, у адукацыі працую з 2019 года і непасрэдна ў Бабруйску - з 1 верасня 2024-га, - адзначыў малады чалавек. - Мая дзяўчына працуе ў медыцыне, зараз жывём у здымным жыллі. Не чакалі, што атрымаем кватэру так хутка - літаральна тры тыдні таму сфарміравалася чарга, а пад Новы год мы ўжо з ключамі».
Кватэра педагогу дасталася вельмі добрая, з якасным рамонтам - заязджай і жыві, засталося толькі дакупіць неабходную мэблю. Дом размешчаны ў новым мікрараёне, які развіваецца з усёй неабходнай інфраструктурай - ёсць магазіны, паліклініка, установы адукацыі. «Транспартныя зносіны таксама вельмі добрыя, да работы ўсяго 10 хвілін на маршрутцы», – дадаў Аляксей Косаў.
«Гарантыі, якія дзяржава забяспечвае педагогам, выконваюцца ў поўным аб'ёме, - падкрэсліў Анатоль Ісачанка. - Мы працуем над новымі, дзейснымі механізмамі падтрымкі настаўнікаў. Уручэнне ключоў ад арэндных кватэр педагогам, у тым ліку і маладым спецыялістам, - не разавая акцыя. Работа ў гэтым напрамку будзе праводзіцца і далей. На наступны год у вобласці запланавана будаўніцтва двух дамоў для педагогаў на 40 і 64 кватэры. У перспектыве жыллё будзе выдзяляцца не толькі ў Магілёве і Бабруйску, але і ва ўсіх раёнах».
Напрыканцы сустрэчы Анатоль Ісачанка павіншаваў прысутных з надыходзячымі навагоднімі і каляднымі святамі, пажадаў поспехаў і моцнага здароўя. «Прыміце словы падзякі за вашу адданасць прафесіі, адказнасць і ініцыятыву», - сказаў ён.
Фота Алега Файніцкага