29 красавіка ў Бабруйску пройдзе акцыя, накіраваная на зніжэнне выкарыстання пластыкавых кветак падчас Дня памінання памерлых.
З выгляду бяскрыўдныя пластыкавыя кветкі наносяць вялікую шкоду прыродзе і небяспечныя для чалавека. На раскладанне аднаго букета можа сысці не адно стагоддзе! Штогод пасля свят на палігоны цвёрдых камунальных адходаў вывозяць каля 1 мільёна штучных кветак. Значна горш, калі гэтыя кветкі спальваюць. Пры іх спальванні ў навакольнае асяроддзе вылучаюцца цяжкія металы і дыяксіны, якія негатыўна ўплываюць на здароўе людзей, а асабліва - на здароўе дзяцей.
Бабруйская гаррайінспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае грамадзян адмовіцца ад штучных пластыкавых кветак, а замест іх для добраўпарадкавання магілак выкарыстоўваць жывыя кветкі, саджанцы жывых кветак і сухацветы.
Таксама інспекцыя сумесна з грамадскімі эколагамі, экаваланцёрамі суполкі «ЭкаБабры» ў аўторак, 29 красавіка, з 10.00 ля ўваходу на Мінскія могілкі ў Бабруйску арганізуе экалагічную акцыю «Радаўніца без пластыка» па раздачы жывых кветак і саджанцаў жывых кветак, якія можна будзе выкарыстоўваць для добраўпарадкавання магілак.
Паважаныя бабруйчане, прадпрымальнікі горада, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў! Калі вы гатовыя паўдзельнічаць у акцыі і зможаце бясплатна прадаставіць любую колькасць саджанцаў і/або жывых кветак на мерапрыемства, тэлефануйце па нумары тэлефона +375 44 552-70-54 (Юлія Прылішч, грамадскі эколаг, інстаграм juliprilisch_ecolife), або можна звяртацца ў Бабруйскую гаррайінспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па адрасе: г. Бабруйск, вул. Савецкая, 95А (тэл.: 74-54-57).