Сёння адзначаецца 81-я гадавіна з Дня поўнага вызвалення Ленінграда ад фашысцкай блакады.
Блакада Ленінграда - самая трагічная старонка ў гісторыі горада, у гісторыі Другой сусветнай вайны.
Захоп Ленінграда быў адной з важнейшых стратэгічных і палітычных задач нямецка-фашысцкіх войскаў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Горад апынуўся адрэзаным ад Вялікай зямлі 8 верасня 1941 года. Пачалася блакада, якая прадаўжалася 872 дні.

У блакіраваным горадзе апынулася больш як 2,5 млн жыхароў, у тым ліку прыблізна 400 тыс. дзяцей. Паступова ў Ленінградзе скончыліся запасы паліва, вады, спынілася падача святла і цяпла. З восені 1941 года пачаўся голад. Была ўведзена картачная сістэма забеспячэння гараджан прадуктамі харчавання. Нормы выдачы хлеба для рабочых знізіліся да 250 г у дзень, а для астатняга насельніцтва - да 125 г. На 50 працэнтаў гэты хлеб складаўся з непрыдатных да яды прымесей, якія замянялі муку. Выдача іншых прадуктаў у гэты перыяд фактычна спынілася. Пачалася цынга, дыстрафія і голад.
Колькасць ахвяр голаду імкліва расла - кожны дзень у Ленінградзе паміралі больш за 4 тыс. чалавек, што ў сто разоў перавышала паказчыкі смяротнасці ў мірны час.

Холад прыйшоў з ранняй зімой 1941 года. Скончыліся запасы паліва. Галоўным ацяпляльным сродкам для большасці жылых кватэр сталі асаблівыя міні-печы - буржуйкі. У іх палілі ўсё, што магло гарэць, у тым ліку мэблю і кнігі. У большасці дамоў былі выбіты шыбы пры бамбёжках і артылерыйскіх абстрэлах.
Каб неяк дапамагчы асаджаным жыхарам горада, цераз Ладагу была арганізавана «Дарога жыцця», адзіная ваенна-стратэгічная транспартная магістраль, якая звязвала асаджаны нямецка-фашысцкімі войскамі Ленінград з краінай. Па ёй падвозілі боепрыпасы, узбраенне, прадукты харчавання, эвакуіравалі хворых і параненых. Аднак пастаўкі ў горад былі невялікія. Праход па возеры быў вузкі, яго пастаянна абстрэльвалі і бамбілі немцы.

18 студзеня 1943 года сіламі Ленінградскага і Волхаўскага франтоў ва ўзаемадзеянні з Балтыйскім флотам блакада была прарвана, і вораг быў адкінуты ад горада. Паміж Ладажскім возерам і лініяй фронту быў утвораны калідор шырынёй 8-11 км, праз які на працягу 17 сутак былі пракладзены чыгунка і аўтамабільная дарога.
Канчаткова блакада Ленінграда была знята 27 студзеня 1944 года. Вечарам неба асвяцілася салютам у гонар вызвалення горада на Няве.

Блакада Ленінграда, якую ўчынілі нацысты, стала самай жорсткай у гісторыі чалавецтва. За гады гэтага найцяжэйшага для савецкіх людзей выпрабавання загінулі, паводле розных даных, ад 400 тыс. да 1,5 млн жыхароў горада. Так, на Нюрнбергскім працэсе фігуравала колькасць 632 тыс. чалавек. Толькі 3 працэнты з іх загінулі ад бамбёжак і артабстрэлаў, а астатнія 97 працэнтаў памерлі ад голаду і холаду.
У кастрычніку 2022 года гарадскі суд Санкт-Пецярбурга ў адкрытым працэсе прызнаў блакаду Ленінграда генацыдам. Паводле даных пракуратуры горада, агульная колькасць ахвяр склала не менш як 1 093 842 чалавекі.
Большасць памерлых у блакаду ленінградцаў пахаваны на Піскароўскіх мемарыяльных могілках. Іх плошча складае больш за 26 га.
Загадам вярхоўнага галоўнакамандуючага ад 1 мая 1945 года Ленінград атрымаў званне горада-героя за стойкасць і мужнасць, праяўленыя жыхарамі ў час блакады. 8 мая 1965 года ўказам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР горад-герой Ленінград быў узнагароджаны медалём «Залатая Зорка».
Фото warmuseum.by