Беларусь і Масква плануюць дасягнуць тавараабароту $7 млрд. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 23 снежня на сустрэчы з мэрам Масквы Сяргеем Сабяніным.
У сустрэчы таксама прыняў удзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што ён па-ранейшаму адказвае за супрацоўніцтва з Расіяй (у мінулым Дзмітрый Крутой займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага Пасла Беларусі ў Расіі) і Масквой у прыватнасці.
«Ён добра паглыбіўся, калі быў паслом, у гэту праблему. І я падумаў, чаго нам мяняць і шукаць кагосьці лепшага. Тым больш вельмі паважае Расію і ўсё, што там адбываецца. І крытычна да некаторых пытанняў ставіцца, але Маскву любіць за тое, што зроблена ў апошнія гады. Гэта таксама не дзеля ліслівасці. Я таксама зайздрошчу часта. Вы маштабна робіце тое, што мы маглі б рабіць у Мінску, але не маем для гэтага такіх магчымасцей (і самі сябе суцяшаем гэтым, што магчымасцей не хапае). Але многаму вучымся, падглядаем у вас і многія рэчы паўтараем», - сказаў Прэзідэнт.
У прыклад кіраўнік дзяржавы прывёў праграму рэнавацыі жылля ў Маскве. «Вы цяжка пачыналі рэнавацыю. Але мы гэтым шляхам ідзём кропкава, рэанімуючы Мінск, прыводзячы яго ў парадак. Дзе трэба, зносім будынкі, паляпшаем жыццё», - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівая ўвага ў дзвюх сталіцах удзяляецца гарадскому добраўпарадкаванню. «Ёсць чаму павучыцца», - заўважыў беларускі лідар.
Масква - адзін з галоўных партнёраў Беларусі сярод суб'ектаў Расійскай Федэрацыі. У мінулым годзе, паводле інфармацыі беларускага ўрада, аб'ём узаемнага гандлю склаў больш за $6 млрд. У бягучым годзе гэты ўзровень быў ужо дасягнуты па выніках студзеня-кастрычніка.

«У гэтым годзе мы ўжо замахнуліся на тавараабарот з вамі да $7 млрд. Мне, шчыра кажучы, цяжка паверыць, што мы можам дасягнуць такога ўзроўню, але гэта вельмі салідна», - падкрэсліў Прэзідэнт.
