Бабруйскі гандлёва-эканамічны каледж у 2025/2026 навучальным годзе адкрые новую спецыяльнасць: «Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні» з прысваеннем кваліфікацыі «вытворца мармеладна-пастылачных вырабаў». Мы даведаліся, як будзе праходзіць навучанне.

Ініцыятарам ідэі адкрыць новую спецыяльнасць для падрыхтоўкі кадраў у галіне вытворчасці прысмакаў выступіла кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік».

- Мы сутыкнуліся з дэфіцытам кадраў. Раней у Каменцы існавала вучылішча, якое рыхтавала спецыялістаў менавіта для нашай галіны. Цяпер гэтага няма. Мы падумалі, чаму б на базе нашага гандлёва-эканамічнага каледжа не пачаць падрыхтоўку школьнікаў на базе 9 класаў. І звярнуліся з гэтай прапановай да адміністрацыі каледжа, – расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай і кадравай рабоце, сацыяльных і агульных пытаннях ААТ «Чырвоны харчавік» Мікалай Грашчанкаў.

Ідэю ў навучальнай установе падтрымалі. І сёння распрацоўваецца праграма навучання па спецыяльнасці «Абслугоўванне і выраб прадукцыі ў грамадскім харчаванні», якая ўжо ўнесена ў пералік падрыхтоўкі на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У інтэграваную групу па навучанні прафесіі вытворцы мармеладна-пастылачных вырабаў плануецца набіраць да 30 чалавек. ААТ «Чырвоны харчавік» сфармавала заяўку на падрыхтоўку па дадзенай кваліфікацыі ў колькасці 13 чалавек. Тэрмін навучання на базе 9 класаў складзе 2 гады і 10 месяцаў. Вытворчае навучанне будзе праходзіць на базе прадпрыемства, дзе ёсць 1-ы і 2-гі мармеладныя цэхі. Пасля вучобы выпускнікам гарантавана працаўладкаванне на кандытарскую фабрыку горада на Бярэзіне.

Дарэчы, паралельна тут могуць навучаць і іншым спецыяльнасцям. Кіраўніцтва прадпрыемства зможа таксама разгледзець пытанне навучання маладых спецыялістаў у Магілёўскім універсітэце харчовых і хімічных тэхналогій.

- Гэта прафесія вельмі запатрабаваная. Усюды патрабуюцца маладыя кваліфікаваныя спецыялісты. Гэта добрая магчымасць на момант размеркавання застацца і працаўладкавацца ў родным горадзе, - кажа навучэнка 3-га курса гандлёва-эканамічнага каледжа Анастасія Мысліўчык.

Людміла Любімцава, фота Аляксандра Анташкевіча

bobrlife.by

Поделиться