Музейны пакой, прысвечаны развіццю адукацыі Бабруйска, адкрыўся ў сярэдняй школе №30. Над яе стварэннем пры падтрымцы кіраўніцтва горада на працягу двух гадоў працавалі педагогі, ветэраны педагагічнай працы, навучэнцы і бацькі. На ўрачыстай цырымоніі ганаровыя госці неаднаразова адзначалі важнасць увасаблення гэтай цудоўнай ідэі.
- Сёння знакавая падзея для Бабруйска, - падкрэсліў старшыня гарвыканкама Ігар Кісель. - Мы ганарымся, што ў нас у горадзе выбудавана такая сістэма адукацыі. А што гэтаму папярэднічала? Гісторыя людзей, якія працавалі і стваралі нашу сістэму адукацыі. Гісторыя мінулага ў музейным пакоі будзе папаўняцца новымі задумкамі, дасягненнямі. Дзякуй усім за гэту працу!

– Глыбока сімвалічным і невыпадковым стала месца размяшчэння музейнай экспазіцыі ў школе №30, дзе функцыянуюць педагагічныя класы. Я ўпэўнена, што музейны пакой для будучых педагогаў стане месцам прыцягнення, цікавых сустрэч з людзьмі, якія паўплываюць на далейшае прафесійнае жыццё, сказала старшыня гарсавета дэпутатаў Ірына Рынейская. - Самая галоўная ідэя стварэння музейнага пакоя - сказаць дзякуй Настаўніку за тое, што гэта вялікая настаўніцкая праца выхавала не адно пакаленне бабруйчан. І сёння педагогі Бабруйска годна працягваюць справу адукацыі.


Дырэктар сярэдняй школы №30 Наталля Жаваранак з радасцю падзякавала ўсім, хто ўдзельнічаў у стварэнні музейнага пакоя: «Мы ўсе злучаны адной мэтай – жыць у квітнеючай, мірнай Беларусі, дасягаць вышынь. Настаўніцтва, адукацыя, выхаванне – асноўныя складнікі нашай будучыні».
Навучэнцы педагагічных класаў на пазнавальнай экскурсіі пазнаёмілі першых наведвальнікаў з унікальнымі экспанатамі. Гісторыя і станаўленне сістэмы адукацыі горада прадстаўлены ў фатаграфіях, дакументах, кнігах… Каштоўныя артэфакты розных гадоў расказваюць пра падзеі, бабруйскія школы і настаўнікаў, пераемнасці пакаленняў і дасягненні педагогаў і вучняў. Госці засвоілі ўрок і захоплена замацавалі веды правільнымі адказамі ў квіз-гульні і рабоце з дыдактычным матэрыялам. На карце горада размясцілі ўсе ўстановы адукацыі (30 школ і 4 гімназіі), але засталася адна фішка з нумарам 36 як намёк на новую школу, дзе будзе працаваць будучае пакаленне педагогаў. «Будзем старацца і будаваць», - з усмешкай паабяцаў мэр.


У дзень адкрыцця музейны пакой папоўніўся падарункамі, якія стануць экспанатамі. Дырэктар СШ №17 Вераніка Еўдакімава перадала на захоўванне кнігу пратаколаў пасяджэнняў педагагічных саветаў 1944 года, калі Беларусь пасля вайны пачала зноў жыць пад мірным небам. Упрыгожаць музейны пакой кніга «Наш Прэзідэнт» у дар ад Ігара Кісяля, падручнікі 1960-х гадоў з сямейнай бібліятэкі Ірыны Рынейскай.


Святлана Бурлакова, старшыня гарадскога Савета ветэранаў педагагічнай працы і прафсаюзнага руху:
- Увасобілася мая мара. Спадзяемся, што ў музейным пакоі будуць праходзіць сустрэчы Савета ветэранаў педагагічнай працы з маладымі педагогамі, навучэнцамі профільных класаў. Мне падумалася, што можна запрашаць сюды турыстаў і гасцей, якія прыязджаюць у наш горад. Бабруйск багаты гісторыяй, людзьмі, якія тут вучыліся, былі педагогамі, арганізоўвалі адукацыю.

Па матэрыялах БЖ