21 снежня ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі прайшоў гарадскі этап конкурсу «Лідэр года». 9 таленавітых навучэнцаў школ і гімназій, а таксама выхаванцаў Цэнтра прадэманстравалі свае лідэрскія якасці, арганізатарскія здольнасці, непаўторную харызму і таленты.
На першым этапе канкурсанты прадставілі візітоўкі, у якіх расказалі пра сябе і растлумачылі, чаму менавіта яны заслугоўваюць звання лідэра. Яшчэ яны падзяліліся сваімі поглядамі на тое, што мусіць рабіць лідэр, каб стаць лепшым з лепшых. У прыклад прыводзілі знакамітых землякоў горада на Бярэзіне ( Руслан Аляхно, Віталь Гардзей ) - на іх і раўняюцца. Пра сябе расказвалі не толькі ў прозе, але і ў танцы, дэманстравалі ролікі і фатаграфіі. Асобны рэверанс у бок групы падтрымкі - кожнага лідэра падтрымлівала дружная і галасістая каманда балельшчыкаў. Плакаты і крычалкі, дапамога ў пастаноўцы нумароў - усё гэта абавязковыя спадарожнікі лідэра.
Другі этап уключаў абарону праектаў, у якіх удзельнікі расказалі аб тым, як палепшыць жыццё і дабрабыт нашых горада і краіны. Былі прадстаўлены экалагічныя, гісторыка-культурныя і сацыяльныя праекты. Дзеці прыдумалі і настольныя гульні па тэме, інтэрнэт-чэленджы. Вядома ж, за прэзентацыяй ішлі каверзныя пытанні ад журы. Гэта была праверка на ўменне трымацца ў стрэсавых сітуацыях.
Трэці этап конкурсу называўся «Ёсць пытанне». Удзельнікам задавалі няпростыя пытанні, на якія трэба было адказаць дакладна, хутка і правільна. Лідэры прадэманстравалі аналітычныя здольнасці, уменне думаць на хаду і ўпэўненасць у ведах.
Конкурс даў рабятам унікальную магчымасць праявіць сябе, развіць навыкі публічных выступленняў і ўнесці свой уклад у будучыню. Пераможцам і ўдзельнікам абласнога этапа стала вучаніца школы №9 Лізавета Савіцкая. Дзяўчына ўсёй душой хварэе за аднаўленне ракі Бабруйкі. Экалагічны план па выратаванні воднага аб'екта ў яе на руках. Сёння яна актыўна прыцягвае ўвагу дарослых да гэтай праблемы. Ляйсан Мысягіна, вучаніца гімназіі №3 ім. мітрапаліта Філарэта (Вахрамеева), заваявала другое месца, а вучаніца школы №34 Таццяна Шпігалёва стала трэцяй.


























Дар'я Аляксеенка, вучаніца школы блогераў
Фота Аляксандра Анташкевіча
Па матэрыялах БЖ