За 11 гадоў любімая школа стала агульным домам, дзе ўсе былі рады адзін аднаму. Выпускнікі вучыліся разважаць, любіць жыццё, верыць у самае лепшае, добрае, светлае. Педагогі і бацькі на працягу ўсяго школьнага шляху былі памагатымі і сябрамі для дзяцей, вучылі асвоіць навучальныя прадметы, выбудоўваць адносіны з людзьмі, быць патрыётамі горада і краіны.
Гарадское свята «Апошні званок» – хвалюючае і эмацыйнае, напоўненае ўражаннямі, якія доўга будуць захоўвацца ў памяці. 24 мая каля 1200 урачыста-прыбраных выпускнікоў усіх школ і гімназій Бабруйска сустрэліся на плошчы Перамогі. Гэты выпуск праходзіць у год 80-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У падзяку воінам-вызваліцелям за мір на роднай зямлі кіраўніцтва горада і моладзь усклалі кветкі да помніка-танку.
Сказаныя на дарогу словы і віншаванні выпускнікі пачулі ад старшыні Бабруйскага гарвыканкама Максіма Гурына і старшыні Бабруйскага гарадскога Савета дэпутатаў Ірыны Рынейскай. Ганаровыя госці свята нагадалі юнакам, што ў нашым горадзе створаны ўсе ўмовы, каб кожны малады чалавек мог рэалізаваць сябе, а ў далейшым жыцці ўсё залежыць толькі ад іх.
- Дарагія выпускнікі! Вы - наша будучыня, наша надзея. Перакананы, што шмат хто з вас пасля вучобы вернецца ў Бабруйск. Нашаму гораду патрэбны вашы таленты. Вы маладыя, поўныя сіл і энергіі, жадання ісці наперад. Няхай поспех і шанцаванне будуць вашымі спадарожнікамі, няхай спраўдзіцца ўсё задуманае. Усё ў вас атрымаецца! Жадаю веры ў сябе, удачы ва ўсіх вашых добрых справах! - пажадаў Максім Мікалаевіч.
– «Апошні званок» – свята, якое сімвалізуе маладосць, пачатак новага жыцця, пачатак прафесійнага шляху нашых маладых беларусаў. Дарагія рабяты, мне б вельмі хацелася, каб кожны з вас знайшоў уласную справу па душы, якая дапаможа раскрыць здольнасці і таленты, прынясе шмат перамог і дасягненняў. Вашы перамогі – гэта наш агульны гонар. Будзьце паспяховыя, мэтанакіраваныя, шчаслівыя і ніколі не здавайцеся! – давала наказ Ірына Мікалаеўна.
Лепшыя выпускнікі адзначаны падзячнымі лістамі Бабруйскага гарвыканкама і гарадскога Савета дэпутатаў. Сярод іх юнакі, якія дасягнулі высокіх вынікаў і добра праявілі сябе ў вучобе, навуцы, тэхніцы, мастацтве, спорце, атрымалі дыпломы і ўзнагароды за перамогі ў рэспубліканскіх алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах. Заслужаныя падзякі ўручылі і бацькам. Словы ўдзячнасці гучалі ў адрас настаўнікаў за мудрасць, цярпенне і атрыманыя веды.
Выпускнікі зачыталі радкі з капсулы часу, якую перадалі ім хлопчыкі і дзяўчынкі з выпуску-2024. Эстафета пакаленняў працягваецца – моладзь будзе захоўваць традыцыі любові і павагі да сям'і і роднага горада, да подзвігаў продкаў, імкнуцца да паспяховай будучыні.
Школьны вальс закруціў пары выпускнікоў, а следам звініць апошні званок - званочкі ад кожнай школы клічуць у дарослае жыццё.
Урачыстае шэсце гучна і радасна пад музыку ваеннага аркестра накіравалася на плошчу Леніна. Шчаслівыя, разумныя, ініцыятыўныя, генератары ідэй, спартыўныя і таленавітыя, патрыятычныя і здольныя натхняць… - у кожным класе знайшліся рабяты, якімі ганарацца школа і горад. Іх імёны і поспехі сустракалі дружнымі апладысментамі. На галоўнай плошчы Бабруйска чакала забаўляльная праграма: танцы, музыка, сюрпрызы і творчыя віншаванні. Святочны танцавальны флэшмоб выпускнікоў з бацькамі - дынамічна, прыгожа, незабыўна. Карабель з пунсовымі ветразямі мары абавязкова даставіць выпускнікоў да берагоў новага цудоўнага жыцця, дзе збываюць іх жаданні і імкненні.





























































































