У Бабруйску адбыўся ІІ гарадскі злёт ваенна-патрыятычных клубаў. Ён праходзіць у рамках святкавання 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сустрэча прайшла 28 лютага ў гарадскім Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. На мерапрыемстве сабраліся тыя, для каго словы «Радзіма», «доўг» і «гонар» вельмі значныя.
Галоўнымі ўдзельнікамі падзеі сталі:
– ВПК «Георгіеўцы» (СШ №17) – супрацоўнічае з Бабруйскай епархіяй, храмам Святога Георгія Перамаганосца;
– ВПК «Гонар» (СШ №21) - знаходзіцца пад патранажам упраўлення ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкама;
– ВПК «Юныя абаронцы» (СШ №27 імя В.З. Харужай) - дзейнічае пры падтрымцы камандавання 147-га зенітнага ракетнага палка;
– ВПК «Бабраня» (СШ №28) – створаны пры садзейнічанні Бабруйскага гаррайаддзела па надзвычайных сітуацыях;
- ВПК «Патрыёт» (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска) - навучанне асновам ваеннай падрыхтоўкі праводзяць афіцэры і ваеннаслужачыя 83-га атэльнага інжынерна-аэрадромнага ордэна Чырвонай Зоркі палка;
– ВПК «Зубр» (Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі «Росквіт») – актыўна ўзаемадзейнічае з вайсковай часткай 5527 унутраных войскаў МУС РБ.
На сустрэчы прысутнічалі Ганаровы грамадзянін Бабруйска, генерал-лейтэнант у адстаўцы Станіслаў Румянцаў, старшыня Бабруйскай гарадской арганізацыі ГА «Беларускі саюз афіцэраў» Аляксандр Вінаградаў, намеснік камандзіра па ідэалагічнай рабоце 147-га палка падпалкоўнік Андрэй Краснагір, начальнік клуба 83-га палка лейтэнант Анастасія Турко, ваеннаслужачыя частак горада на Бярэзіне, кіраўнікі па ваенна-патрыятычным выхаванні і педагогі.
Станіслаў Румянцаў падкрэсліў важнасць выхаваўчай работы і сямейных каштоўнасцей у фармаванні сапраўдных патрыётаў: «Там, дзе няма выхаваўчай работы, дзе не распавядаюць праўду, патрыётам не станеш. Патрыёты нараджаюць патрыётаў. Сям'я - аснова грамадства і дзяржавы. Няма сям'і - няма дзяржавы. А моцная сям'я - моцная дзяржава. І калі трэба абараняць, патрыёт заўсёды стане на абарону сваёй дзяржавы!».

Анастасія Турко падзялілася з рабятамі вопытам і расказала аб прафесіі ваеннага. Адзначыла, што навучанне ў Ваеннай акадэміі Беларусі не толькі фарміруе прафесійныя навыкі, але і развівае асабістыя якасці, такія як адказнасць, дысцыпліна і лідэрства. «Акадэмія - выдатная магчымасць для тых, хто хоча звязаць жыццё з ваеннай службай і забяспечыць сабе перспектыўную будучыню, - звярнула ўвагу ваеннаслужачая. - Я ва ўзброеных сілах амаль 18 гадоў. Наш полк - адзіная ў краіне воінская часць, здольная выконваць унікальныя задачы. Мы адказваем за падтрыманне ў працоўным стане і будаўніцтва ўсіх аэрадромаў Беларусі. Мы - падмурак, на якім будуюцца сіла і бяспека нашай краіны. Кожны дзень мы пацвярджаем гэта сваёй работай, забяспечваючы бесперабойнае функцыянаванне ключавых аб'ектаў і ствараючы ўмовы для паспяховага выканання задач».

Кожны клуб прадставіў сваю дзейнасць, рабяты расказалі аб трэніроўках, праведзенай рабоце, узаемадзеянні з ваеннымі часцямі. Юныя абаронцы Радзімы дзяліліся марамі, дэманстравалі атрыманыя веды і навыкі. «Вы ўсё вучыцеся быць патрыётамі. Патрыятызм - гэта не проста гонар за сваю краіну, але і адказнасць за яе будучыню. Важна выхаваць у сабе любоў да Радзімы, павагу да яе гісторыі і культуры, каб кожны з вас стаў актыўным удзельнікам яе працвітання і абароны», - падкрэсліў Андрэй Краснагір.


Вопытныя афіцэры нагадвалі пра подзвіг продкаў, пра тое, што памяць - гэта аснова будучыні. «Кожны з вас, становячыся на шлях служэння, робіць унёсак у абарону і развіццё нашай краіны. Патрыятызм фарміруецца ў сэрцы, і яго сіла вызначае, якім чынам мы будзем будаваць сваё заўтра», - сказаў Аляксандр Вінаградаў.
Усіх удзельнікаў аб'ядналі пачуццё пляча, гатоўнасць падтрымаць таварыша і вучыцца ў старэйшых. Менавіта гэта робіць ваенна-патрыятычны рух жывым, сапраўдным.
Завяршыўся злёт уручэннем сертыфікатаў аб удзеле і агульным фатаграфаваннем - на памяць аб сустрэчы, аб новых знаёмствах, аб тым, што моладзь Бабруйска ведае цану міру і гатова абараняць сваю краіну.

Камандзір ваенна-патрыятычнага клуба «Патрыёт» Сафія Петруша:
- Мы ўдзельнічаем у розных тэматычных мерапрыемствах, займаемся ў 83-м інжынерна-аэрадромным палку. Я вырашыла прыйсці сюды, бо хачу звязаць жыццё з войскам. Лічу, што гэта магчымасць унесці ўклад у абарону нашай краіны. Веру, што такімі мерапрыемствы мы натхняем адно аднаго і ўмацоўваем сувязь з гісторыяй і традыцыямі.











