Рэзідэнцыя Дзеда Мароза расчыніла дзверы для наведвальнікаў 21 снежня. Чароўныя церам і святліца размясціліся ў дзіцячым парку. У першы дзень работы рэзідэнцыі прыйшлі шмат дзяцей з бацькамі.

Спачатку рабяты накіраваліся ў святліцу Снягуркі, дзе змаглі напісаць лісты Дзеду Марозу, загадаўшы самыя запаветныя жаданні. Пасля напісання лістоў да дзяцей выйшаў і сам чароўны дзядуля. У казачным цераме дзеці расказвалі Дзеду Марозу вершы і спявалі песні, за што зімовы чараўнік шчодра адорваў юных наведвальнікаў цукеркамі і падзячнымі карткамі.

У ходзе мерапрыемства таксама былі арганізаваны тэматычныя гульні з удзелам казачных персанажаў, працаваў міні-заапарк з кролікамі. Завяршылася святочнае мерапрыемства тэатралізаванай казкай «Навагодняя прыгода Машы і Мядзведзя».

Месца цудаў - дзіцячы парк на Пушкіна, 173. Любімыя персанажы будуць чакаць хлапчукоў і дзяўчынак у 14.00 з 21 снежня па 7 студзеня. 1 студзеня – выхадны дзень. Кошт уваходнага квітка - 5 рублёў.

Аляксандр Анташкевіч, БЖ