Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў ва ўсім свеце адзначаецца 11 красавіка памятнымі мерапрыемствамі. У Бабруйску ў гэты дзень прайшлі цырымоніі ўскладання кветак да мемарыялаў у рамках ІІ рэгіянальнага форуму «Мясцовае самакіраванне ў Магілёўскай вобласці: Ініцыятыва. Адзінства. Дзеянні. Вынік». Дэпутаты Бабруйскага гарсавета і моладзь горада ўсклалі чырвоныя гваздзікі да брацкай магілы ў памяць аб савецкіх ваеннапалонных, знішчаных фашыстамі. Каля Брацкай магілы расстраляных і закатаваных фашысцкімі катамі адбыўся мітынг-рэквіем. Прадстаўнікі адміністрацыі Ленінскага раёна, працоўных калектываў, грамадскіх арганізацый, ветэраны і моладзь ушанавалі памяць загінуўшых вязняў хвілінай маўчання - сімвалам смутку і павагі. Таксама адбылася цырымонія ўскладання кветак да мемарыяльнага знака «Вязням Бабруйскага гета». У мітынгу-рэквіеме ў памяць аб нявінна забітых бабруйчанах прынялі ўдзел прадстаўнікі адміністрацый горада, грамадскіх арганізацый, работнікі прадпрыемстваў.
Фота Аляксандра Анташкевіча і Віктара Шэйкіна, bobrlife.by