Саветы ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам:

1.1. прадстаўляюць інтарэсы адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі ва ўзаемаадносінах з іншымі дзяржаўнымі органамі, іншымі арганізацыямі і грамадзянамі;

1.2. зацвярджаюць інвестыцыйныя праграмы, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, мясцовы бюджэт і справаздачу аб яго выкананні;

1.3. зацвярджаюць рэгіянальныя комплексы мерапрыемстваў, якія забяспечваюць рэалізацыю дзяржаўных праграм, што прадугледжваюць фінансаванне за кошт сродкаў мясцовых бюджэтаў, канцэпцыі па пытаннях жыллёвага будаўніцтва, добраўпарадкавання адпаведнай тэрыторыі, дарожнага будаўніцтва, камунальна-бытавога і сацыяльнага абслугоўвання грамадзян, сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей ( у тым ліку аказанне дапамогі да навучальнага года), ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, аховы здароўя, адукацыі, развіцця фізічнай культуры і спорту, аховы навакольнага асяроддзя і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў, паляпшэнні ўмоў і аховы працы, забеспячэння радыяцыйнай бяспекі, аховы гісторыка-культурнай спадчыны і па іншых пытаннях мясцовага значэння;

1.4. вызначаюць у межах, устаноўленых законам, парадак кіравання і распараджэння ўласнасцю адпаведнай адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі;

1.5. распараджаюцца прыроднымі рэсурсамі ў выпадках, прадугледжаных заканадаўствам аб ахове навакольнага асяроддзя і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў; 

1.6. устанаўліваюць у адпаведнасці з законам мясцовыя падаткі і зборы;

1.7. прадастаўляюць або даручаюць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадастаўляць у адпаведнасці з Падатковым кодэксам Рэспублікі Беларусь і (або) актамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ільготы па падатках, зборах (пошлінах);

1.8. вызначаюць стаўкі плацяжоў у выпадках, устаноўленых заканадаўчымі актамі (у тым ліку стаўкі платы за арэнду паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, водных аб'ектаў);

1.9. вырашаюць пытанні адміністрацыйна-тэрытарыяльнага ўладкавання;

1.10. прызначаюць мясцовыя рэферэндумы;

1.11. каардынуюць дзейнасць органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

1.111. удзельнічаюць сумесна з асацыяцыямі Саветаў у рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў;

1.12. садзейнічаюць развіццю прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, сферы паслуг, малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, асабістых падсобных гаспадарак;

1.13. удзельнічаюць у ажыццяўленні мерапрыемстваў па захаванні і адраджэнні гісторыка-культурных каштоўнасцей;

1.131. удзельнічаюць у мерапрыемствах па захаванні гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны;

1.14. удзельнічаюць у папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, выкананні мерапрыемстваў па грамадзянскай абароне, забеспячэнні пажарнай, прамысловай, ядзернай і радыяцыйнай бяспекі, ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС;

1.15. сцвярджаюць рэгламент і структуру Савета;

1.16. штогод зацвярджаюць каштарыс выдаткаў Савета;

1.17. вырашаюць пытанні датэрміновага спынення паўнамоцтваў дэпутатаў Савета;

1.18. абіраюць і датэрмінова вызваляюць ад паўнамоцтваў старшыні Савета і яго намесніка (намеснікаў);

1.19. сцвярджаюць на пасадзе старшыню выканкама;

1.20. утвараюць і скасоўваюць органы Савета, зацвярджаюць і змяняюць іх склад, выбіраюць і вызваляюць ад паўнамоцтваў старшынь і намеснікаў старшынь (пры іх наяўнасці) гэтых органаў;

1.21. вырашаюць пытанні аб удзеле ў стварэнні асацыяцый, указаных у частцы першай пункта 1 артыкула 7 Закона Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», аб уваходжанні або выхадзе з іх; 

1.22. разглядаюць запыты дэпутатаў Савета і прымаюць па іх рашэнні;

1.23. заслухоўваюць справаздачы старшыні Савета, а таксама органаў Савета, якія выбіраюцца, назначаюцца або зацвярджаюцца старшынёй Савета службовых асоб, справаздачы і іншую інфармацыю старшыні і іншых службовых асоб адпаведнага выканкама па пытаннях, аднесеных да кампетэнцыі Савета;

1.24. вырашаюць пытанні дэлегавання асобных паўнамоцтваў Саветам іншых тэрытарыяльных узроўняў, выканкамам, іх старшыням, органам тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

1.25. вызначаюць тэрміны і парадак вызвалення ад выканання працоўных (службовых) абавязкаў дэпутатаў Савета, якія працуюць на падставе працоўных дагавораў (кантрактаў), на час падрыхтоўкі і правядзення сесій Савета і пасяджэнняў яго органаў;

1.26. адмяняюць не адпаведныя заканадаўству распараджэнні старшыні Савета і старшыні адпаведнага выканкама, рашэнні адпаведнага выканкама, рашэнні ніжэйстаячага Савета і распараджэнні яго старшыні;

1.27. выступаюць заснавальнікамі мясцовых сродкаў масавай інфармацыі;

1.28. прымаюць рашэнні аб самароспуску;

1.29. ажыццяўляюць міжнароднае супрацоўніцтва;

1.30. ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і іншымі актамі заканадаўства.  
 

Саветы базавага ўзроўню ў межах сваёй кампетэнцыі ў парадку, устаноўленым заканадаўствам:

1.1. зацвярджаюць тэрытарыяльныя планы развіцця раёнаў, генеральныя планы гарадоў раённага падпарадкавання і іншых населеных пунктаў, размешчаных на адпаведнай тэрыторыі;

1.11. вызваляюць ад пералічэння ў бюджэт даходаў, атрыманых ад перадачы ў карыстанне маёмасці, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці;

1.2. устанаўліваюць ліміт доўгу органаў мясцовага кіравання і самакіравання на чарговы фінансавы год і ліміт доўгу, гарантаванага мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі;

1.21. вызначаюць меры сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, сем'яў, якія выхоўваюць дзяцей (у тым ліку аказанне дапамогі да навучальнага года), ветэранаў, інвалідаў, пажылых людзей, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, меры па аказанні дапамогі ў падрыхтоўцы лагераў да летняга аздараўленчага перыяду;

1.22. праводзяць рэгіянальныя сходы дэпутатаў Саветаў з удзелам дэпутатаў Саветаў усіх тэрытарыяльных узроўняў, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад адпаведных выбарчай акругі і адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкі, з запрашэннем прадстаўнікоў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, грамадскіх аб'яднанняў, на якіх разглядаюць інфармацыю выканаўчых і распарадчых органаў і Саветаў аб сацыяльна-эканамічным развіцці адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і іншыя пытанні, якія найбольш хвалююць насельніцтва;

1.3. прысвойваюць званне ганаровага грамадзяніна адпаведна горада, раёна, вызначаюць парадак прысваення такога звання і асаблівасці статусу ганаровага грамадзяніна;

1.4. вылучаюць кандыдатаў у члены калегіяльных органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання;

1.5. у выпадку, прадугледжаным абзацам трэцім артыкула 32 Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь», прымаюць рашэнне аб скасаванні калегіяльнага органа тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання; 

1.6. ажыццяўляюць іншыя паўнамоцтвы, прадугледжаныя Законам Рэспублікі Беларусь ад 4 студзеня 2010 г. № 108-З «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь» і іншымі актамі заканадаўства.