Быць настаўнікам – задача не з лёгкіх. Гэта прызванне, якое патрабуе шчырасці, цярпення і сапраўднай любві да дзяцей. Нягледзячы на малады ўзрост, Анастасія Бірукова мае за плячыма ўжо чатыры паспяховыя, насычаныя гады педагагічнай працы ў гімназія №1 Бабруйска, плеяду таленавітых вучняў, якія праслаўляюць родны горад і ўстанову адукацыі сваімі перамогамі ў навуковых і творчых конкурсах, а таксама шмат уласных прафесійных дасягненняў, самым значным з якіх з’яўляецца ўпэўненая перамога на абласным этапе рэспубліканскага конкурсу «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2026» у намінацыі «Малады настаўнік».

Мы даведаліся ў Анастасіі Біруковай, чаму яна вырашыла звязаць жыццё з настаўніцтвам, у чым сакрэт яе прафесійнага поспеху і як шматгранна раскрыць патэнцыял вучня.

 

Прыклад прафесіяналізму і мудрасці

 Жаданне стаць настаўніцай узнікла ў Анастасіі ў школьныя гады. Больш за ўсе ёй падабаліся ўрокі беларускай мовы і літаратуры, якія праводзіў Міхаіл Аляксандравіч Кунцэвіч – настаўнік з вялікай літары. Яго ўрокі ніколі не былі простымі заняткамі па раскладзе: ён заўсёды ўмеў даступна растлумачыць кожнае складанае правіла, імгненна захапляў клас, гарманічна спалучаў у сабе патрабавальнасць з дабрынёй і жыццёвай мудрасцю. Натхніўшыся прыкладам настаўніка, Анастасія Бірукова цвёрда вырашыла, што выбірае педагагічны шлях.

У 2018 годзе гераіня скончыла школу, атрымала запаветныя 100 балаў на ЦТ па беларускай мове і паспяхова паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт на філалагічны факультэт. У 2022-м, з адзнакай скончыўшы БДУ, Анастасія Бірукова вярнулася на адпрацоўку ў Бабруйск, каб прыносіць карысць роднаму гораду. Першым месцам яе педагагічнай працы стала гімназія №1.

 

Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца

Па меркаванні Анастасіі Біруковай, педагагічны шлях – гэта бясконцы рух да новага, таму кожны настаўнік павінен заўсёды займацца самаадукацыяй. З першага года працы наша гераіня прымае рэзультатыўны ўдзел у конкурсах метадычных распрацовак і прафесійнага майстэрства, перадае вопыт калегам падчас майстар-класаў як на ўзроўні вобласці, так і рэспублікі.

«Для мяне ўдзел у конкурсах прафесійнага майстэрства – гэта перш за ўсё своеасаблівы каталізатар прафесійнага росту і пляцоўка для самарэфлексіі, а не пагоня за ўзнагародамі. Конкурснае асяроддзе дазваляе пераняць лепшы вопыт калег, атрымаць аб’ектыўную аўтарытэтную ацэнку сваёй дзейнасці, што ў выніку працуе на галоўную мэту – павышэнне якасці адукацыі маіх вучняў, бо кожная паспяхова пройдзеная конкурсная дыстанцыя робіць мяне больш кампетэнтным і натхнёным настаўнікам», – дзеліцца Анастасія Віктараўна.

Вынікамі актыўнай, мэтанакіраванай працы сталі высокія асабістыя дасягненні: перамога ў гарадскім конкурсе «Лепшы малады спецыяліст» у намінацыі «Лепшы малады спецыяліст установы адукацыі», VII абласным фестывалі маладых педагогаў «Прызванне – педагог», дыплом І ступені абласнога конкурсу адукацыйных відэа, дыплом І ступені рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак «Практыка-арыентаваныя заданні як інструмент фарміравання чытацкай адукаванасці», дыплом ІІ ступені рэспубліканскага конкурсу метадычных распрацовак «Дыдактычныя асновы рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу ўрока», дыплом ІІІ ступені XVI Рэспубліканскага конкурсу «Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт», Падзяка Бабруйскага гарадскога выканаўчага камітэта, Падзяка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама... Але самым значным сваім дасягненнем маладая настаўніца лічыць нядаўнюю перамогу на абласным этапе конкурсу «Настаўнік года», які, на яе думку, з’яўляецца своеасаблівым педагагічным Эверэстам, самым сур’ёзным выпрабаваннем у прафесійным жыцці педагога.

«Перамога прынесла мне не столькі пачуццё трыумфу, колькі ўсведамленне вялікай адказнасці і разуменне таго, што выбраны мной шлях – верны. Рыхтавацца да конкурсаў такога ўзроўню няпроста, але цяжкасці адступаюць, калі за спінай ёсць моцная каманда. Мне неверагодна пашанцавала: мая апора і натхняльнік – мой настаўнік беларускай мовы і літаратуры Міхаіл Аляксандравіч Кунцэвіч. Гэта прыклад неверагодна творчага і кампетэнтнага педагога, чые парады і дапамога сталі фундаментам майго поспеху. Яшчэ гэты шлях да перамогі быў бы немагчымы без падтрымкі адміністрацыі і калег-педагогаў нашай гімназіі», – падзялілася ўражаннямі гераіня.

 

Раскрыць талент і знайсці падыход да кожнага вучня

З самага пачатку працы ў гімназіі Анастасія Віктараўна з’яўляецца класным кіраўніком. За гэты час яна набыла вопыт узаемадзеяння з дзецьмі і навучылася знаходзіць да іх падыход. Па яе прызнанні, узяць на сабе адказнасць за клас ёй было не страшна, а цікава: «У маім 8 «Б» вучацца сапраўды цудоўныя дзеці, у якіх не менш цудоўныя бацькі. Менавіта дзякуючы ўзаемаразуменню і падтрымцы мы лёгка пераадольваем любыя цяжкасці і заўсёды знаходзім аптымальныя рашэнні ў любой сітуацыі».

Што робіць настаўніка сапраўдным майстрам? Анастасія Бірукова адказвае адназначна: любоў да свайго прадмета і шчырая павага да кожнага вучня. Гэта краевугольны камень яе педагагічнай філасофіі.

«У маім разуменні, сапраўднае настаўніцтва – гэта тонкае мастацтва спалучэння дабрыні і патрабавальнасці. Я імкнуся заўсёды быць побач, калі вучню патрэбна падтрымка, але разам з тым я цвёрда пераканана: толькі праз паслядоўнасць, узаемную адказнасць і выразна акрэсленыя межы мы можам выбудаваць эфектыўны шлях да ведаў», – падкрэслівае гераіня.

Разам з вучнямі Анастасія Бірукова штогод пакарае новыя адукацыйныя і творчыя вяршыні. У скарбонцы сумесных дасягненняў вялікая колькасць дыпломаў па выніках гарадскога і абласнога этапаў алімпіяды, два дыпломы заключнага этапу рэспубліканскага конкурсу работ даследчага характару, дыпломы пераможцаў конкурсаў беларускамоўных тэатраў і юных экскурсаводаў музеяў устаноў адукацыі, разнастайных літаратурных конкурсаў, стабільна высокія балы на ЦЭ і многае іншае. «Гэтыя вынікі – не магія і не выпадковасць, а дзясяткі гадзін сумеснай працы, пераадоленне ўласных сумневаў і вера ў тое, што намаганні заўсёды прыносяць плён», – адзначвае Анастасія Бірукова.

У гэтым годзе ЦЭ па беларускай мове будуць здаваць 10 вучняў Анастасіі Віктараўны. Пра тое, як праходзіць падрыхтоўка да галоўнага школьнага экзамену, распавяла вучаніца 11 «Б» класа Аляксандра Смарчок: «Ніколі раней я не магла падумаць, што падрыхтоўка да ЦЭ можа прыносіць задавальненне. Анастасія Віктараўна робіць усе складаныя правілы вельмі лёгкімі для нас. Мы займаемся нават на канікулах, заўсёды знаходзімся на сувязі і можам атрымаць адказ на любое пытанне».

Яшчэ адной падставай для гонару маладой настаўніцы ў гэтым годзе стала перамога яе вучаніцы ў рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару. Сафія Счасная, вучаніца 11 «В» класа, падзялілася ўражаннямі ад працы і перамогі: «Гэта даследаванне стала для мяне выдатнай школай мыслення і падрыхтоўкай да вучобы ва ўніверсітэце. Праца з вялікім масівам лексікі навучыла аналізаваць інфармацыю, працаваць з рознымі крыніцамі і лагічна аргументаваць свае думкі. Гэта база, якая спатрэбіцца кожнаму студэнту для паспяховага навучання».

На пытанне пра тое, што трэба ўлічваць маладым настаўнікам для прафесійнага поспеху, Анастасія Бірукова адказвае так: «Самае галоўнае – любіць тое, чаму вучыш, і тых, каго вучыш. Гэта падмурак. Безумоўна, адданасць справе, працаздольнасць, уменне наладжваць кантакт як з дзецьмі, так і з дарослымі, імкненне ва ўсім дайсці да сутнасці – гэта якасці, якія павінны стаць асабістым компасам для ўсіх маладых настаўнікаў».

Дзіна Мількевіч
Фота аўтара і з асабістага архіва Анастасіі Біруковай

По материалам БЖ

Поделиться