Традыцыйна ў нашым тэатры ўжо некалькі гадоў запар напачатку мая адбываецца Тэатральны патрыятычны тыдзень, сёлета пад назвай «Памятае сэрца». Асаблі­васць гэтага года – прэм’ера драмы «Жывыя» для сямейнага прагляду, пра моладзь і для моладзі. Вашай увазе – эксклюзіўнае інтэрв’ю з аўтарам п’есы Таццянай Сівец.

– Распавядзіце, калі ласка, гісторыю стварэння ­п’есы «Юрка, ты?..» («Жывыя»)? Што Вас натхняла? Якія асабістыя або сацыяльныя падзеі ўплывалі на творчы працэс?

– Я з дзяцінства памятаю, як пасля чарговага фільма пра вайну (яшчэ па чорна-белым тэлевізары) мы з братам пыталіся ў дзядулі Вані: што ж там было, на фронце? Але ён звычайна махаў рукой і казаў, што мы яшчэ малыя і не трэба нам гэтага ведаць. А 9 Мая заўжды апранаў белую кашулю, пінжак з медалямі ды ішоў у сельсавет, адкуль вяртаўся з невялікай торбачкай, якую дарослыя называлі загадкавым словам «паёк», і выкладваў адтуль цукар, муку, тушонку, крупы і, канечне, пляшку гарэлкі… Бабуля хавала гэтыя прыпасы, апрача пляшкі, і чамусь не сварылася на дзеда, калі ён тую пляшку «ўгаворваў» пад ціхія размовы ды няхітрую вясковую закуску – сала з хлебам і цыбуляю. Потым пінжак акуратна хаваўся ў дальні кут шафы да наступнага свята, якое праходзіла гэтаксама ціха… А вось калі дзядулю пахавалі, аказалася, што ўзнагароды яго некуды прапалі. І я памятаю разгубленасць родных, якім цяжка было паверыць, што гэта зрабіў нехта са сваіх…

З другім маім дзядулем – Фёдарам – я наогул ніколі не размаўляла пра вайну, ён раней пакінуў гэты свет. Таму ў мяне ў сталым узросце засталося адчуванне недамоўленасці, нават пэўнай правіны перад дзядамі за тое, што не паспела, не запытала…

Увогуле мне прыкра, што нашае пакаленне вельмі мала размаўляла – што са сваімі бацькамі, што з дзядулямі і бабулямі. У нас не было такой традыцыі, і ў выніку сёння тое, што было абсалютна натуральным для старэйшага пакалення, для моладзі становіцца незразумелым і чужым…

Вось таму ў мяне з’явілася жаданне напісаць твор пра асэнсаванне тых далёкіх падзей прадстаўнікамі розных пакаленняў беларускай сям’і, прааналізаваўшы тое, да чаго прыводзіць звычайнае ў прынцыпе жаданне старэйшых абараніць дзяцей ад такой балючай і нязручнай тэмы, як вайна. Я абсалютна ўпэўнена, што пра вайну, як пра значную частку нашай гісторыі, якая паўплывала сярод іншага і на фарміраванне менталітэту беларускай нацыі, надзвычай важна гаварыць менавіта з моладдзю.

– Вы прапаноўваеце дзве назвы на выбар: адну – відавочную з сюжэта, другую – філасофскую. Чаму так вырашылі?

– Назва «Юрка, ты?..» з’явілася, бадай, з першых дзён працы над п’есай, як голас майго героя… Але калі я яе закончыла і пачала паказваць розным людзям, мне адразу ж нагадалі пра кіно 1984 года «Юрка – сын камандзіра», некаму назва падавалася зусім незразумелай. Таму ўзнік яшчэ адзін варыянт – «Жывыя». Як напамін пра тое, што нашыя продкі, як і нашыя нацыянальныя героі, жывуць з намі, пакуль мы памятаем пра іх. Не ведаю, якая назва прыжывецца, гэта, відаць, пытанне да гледачоў.

– Якія тэмы Вы даследуеце ў гэтай п’есе? Як Вы працавалі над развіццём персанажаў?

– Я б не называла гэта даследаваннем… Хутчэй пражываннем. Мне хацелася разам з героямі прайсці няпросты шлях пераасэнсавання, прыняцця і прабачэння. Кожны з іх за невялікі адрэзак часу змяняецца. і перамены гэтыя неабходныя для таго, каб жыццё працягвалася ў наступных пакаленнях. Мне хацелася, каб кожная асоба ў п’есе мела выразны характар і адлюстроўвала пэўны тып у сучасным грамадстве. Для таго, каб моладзь у п’есе размаўляла не класічнай літаратурнай мовай, а так, як яна гаворыць у жыцці, я вывучала сучасны слэнг (спадзя­юся, што ён не састарэў яшчэ за гэты год). Наогул жа мне здаецца, што любое развіццё немагчымае без болю. і ў кожнага з герояў гэтага болю, непрагаворанага, назапашанага, дужа шмат…

– Ці сутыкаліся Вы з нейкімі цяжкасцямі падчас напісання п’есы?

– Я не гісторык, таму правярала пэўныя дэталі ваеннага часу па гістарычных дакументах. Вось з нямецкімі танкамі было няпроста разабрацца… (усміхаецца) Раілася таксама па медыцынскіх пытаннях з галоўным урачом сталічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі, доктарам медыцынскіх навук Вольгай Іванаўнай Святліцкай, якая стала не толькі кансультантам, але і, адкрыю Вам сакрэт, у пэўным сэнсе прататыпам доктара з гэтай п’есы. Маральна цяжка было пісаць фінал. Калі разумееш, што іначай быць проста не можа, але так хочацца, каб здарыўся цуд… Зрэшты давайце не бу­дзем, як кажуць, спойлерыць, каб гледачы пабачылі ўсё самі.

– Ці ёсць у Вас пэўныя думкі, якія Вы хочаце данесці да аўдыторыі?

– Я б хацела, каб кожнаму, хто прыйдзе ў тэатр, гэты твор дапамог вырашыць важнае для яго асабіста пытанне. Камусьці – шчыра пагутарыць з бацькамі ці дзецьмі, некаму – дараваць самому сабе за тое, што не паспеў сказаць ці зрабіць для тых, каго ўжо няма на гэтым свеце, і знайсці сілы, каб прадаўжаць жыць, а для кагось, спадзяюся, гэта стане нагодай перачытаць кнігу таго ж Быкава альбо Пташнікава, паглядзець савецкае кіно… Ведаеце, пакуль мы жывыя, усё яшчэ можна паправіць, здзейсніць, змяніць. І трэба гаварыць адно з адным. Я ўпэўнена, што праблем у свеце стане значна меней, калі мы пачнем шчыра адно з адным размаўляць.

– Што б Вы хацелі ўбачыць на сцэне нашага тэатра, які ўвасабляе Вашу п’есу «Жывыя»? Зразумела, што ­п’еса і спектакль – гэта розныя мастацкія творы. Ці ёсць перажыванні, што рэжысёр-пастаноўшчык па-іншаму зразумее Вашы думкі?

– Для мяне асабіста вялікі гонар, што такі важны для мяне твор ставіць менавіта Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. Я абсалютна давяраю і рэжысёру, і артыстам, бо за імі стаіць вельмі моцная тэатральная школа. Мы сустракаліся летась з дырэктарам Веранікай Аляксандраўнай Вінель, з Вамі, Таццяна, і я была ўражаная тым, наколькі блізкія ў нас погляды на жыццё, на наша мінулае, як усіх нас турбуе тое, што мы пакінем пасля сябе на гэтым свеце…

Неяк модна стала жыць адным днём, нічога не ствараць, ставіць на першае месца ўласныя інтарэсы, а пра тое, што будзе заўтра, маўляў, не варта і хвалявацца. Не! Кіраўнік дзяржавы не проста так паўтарае, што мы маем сёння дбаць пра тую Беларусь, якую мы пакінем нашчадкам, што трэба працаваць, каб жыць…

– Што б Вы пажадалі пастановачнай групе?

– Я жадаю, каб як мага больш людзей прыходзілі ў тэатр, каб тэатр мяняў нас да лепшага, каб добрыя творы дапамагалі думаць і рабіць выбар на карысць будучыні.

 

З аўтарам п’есы «Жывыя», старшынёй секцыі драматургіі Саюза піьменнікаў Беларусі, галоўным рэдактарам газеты «Медыцынскі веснік» Таццянай Сівец гутарыла кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі Таццяна Мурманцава

Поделиться