Цікавую і пазнавальную экскурсію для навучэнцаў медыцынскага каледжа наладзілі 25 чэрвеня ў Бабруйскім філіяле ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Домочай» – мерапрыемства прайшло ў рамках Рэспубліканскага марафону моладзі і студэнцтва.

Намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Таццяна Ерафеева распавяла маладым людзям пра гісторыю прадпрыемства, прадукцыю, якая вырабляецца, дасягненні калектыва Бабруйскага філіяла і кампаніі «Домочай» у цэлым.

У цэхах будучыя гаспадыні паглядзелі, як замешваецца цеста, падыходзіць, як фармуюцца і выпякаюцца хлебабулачныя вырабы. «Хочацца, каб моладзь ведала цану хлебу і тое, чаму яго трэба берагчы», – заўважыла Таццяна Станіславаўна.

– Попыт на нашу прадукцыю зразумелы: хлеб вырабляем па традыцыйнай тэхналогіі – шматстадыйнай схеме прыгатавання жытнёва-пшанічных і пшанічных хлябоў: на рошчынах і заквасках, – дадала галоўны тэхнолаг Таццяна Сілкова.

Да слова сказаць, сёння Бабруйскі філіял ААТ «Булачна-кандытарская кампанія «Домочай» выпускае хлеб, хлебабулачныя і кандытарскія вырабы – усяго больш за 150 відаў прадукцыі, якая карыстаецца попытам не толькі на Бабруйшчыне, але і далёка за яе межамі.

Алена Карпенка, фота аўтара, bobrlife.by

Поделиться